500-годдзе шырока і прыгожа адсвяткаваў адзін з самых вялікіх населеных пунктаў Іўеўшчыны, былы цэнтр Юрацішкаўскага раёна гарадскі пасёлак Юрацішкі

Адкрылася свята танцавальна-музычнай кампазіцыяй “ Крыніцы”, а затым падчас  тэатралізаванага  пралога “Юрацішкі ў гісторыі і легендах” удзельнікі тэатралізаванага дзейства  пазнаёмілі прысутных з асобнымі старонкамі сівой даўніны пасёлка. Вядомы Юрацішкі з пачатку XVI стагоддзя, як уласнасць Гаштольдаў, якая перайшла ў якасці пасагу ад князёў Гальшанскіх. Юрацішкі мелі статус мястэчка. Каля 1520 года будучы канцлер Вялікага Княства Літоўскага, віленскі ваявода Альбрэхт Гаштольд пабудаваў у Юрацішках царкву, якая была асвенчана ў гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Паведамленне аб узвядзенні  храма, які і зараз акармляе духоўна  праваслаўных вернікаў рэгіёну, і стала першым напамінаннем аб Юрацішках у пісьмовых крыніцах.

Урачыстае шэсце прайшло ад будынка сельвыканкама да месца правядзення свята ў пасялковым парку. Былі ўскладзены вянкі і кветкі да брацкай магілы воінаў. Святкаваць разам з жыхарамі аднаго з найвялікшых населеных пункта раёна прыехалі: старшыня Іўеўскага райвыканкама  Аляксандр Іванавіч Булак, намеснік старшыні райвыканкама  Іна Васільеўна Тарасава,  былы старшыня Іўеўскага райвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Уладзіміравіч Дуніч, кіраўнікі служб і аддзелаў райвыканкама, былыя старшыні  мясцовых калгаса і пассавета, іншыя ганаровыя госці.  Старшыня райвыканкама і ганаровыя госці ў сваіх выступленнях пажадалі пасёлку і яго людзям здароўя і дабрабыту, годнага жыцця пад мірным небам Беларусі.

Якое ж свята без добрай песні?! І яе ёсць каму спяваць!  Выступаюць сёння на юбілейнай урачыстасці: ансамбль “Варажэя” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Ліпнішкі,  творчыя калектывы і салісты ўсіх устаноў культуры раёна, лепшыя салісты Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, артысты творчага калектыва “Ліда-мюзікл” з горада Ліда. Працуюць гульнёвыя атракцыёны для дзяцей, выставы: кніг “Іўеўская зямля: сузор’ё народаў, рэлігій, культур”; народнай творчасц, сувенірнай прадукцыі, інтэрактыўныя пляцоўкі, гандлёвыя палаткі і пляцоўкі.

Па матэрыялах сайта газеты Іўеўскі край