Адкрыццё абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Казкі і паданні майго краю”

Казачныя героі, міфічныя істоты, персанажы мясцовых легенд і паданняў Гродзеншчыны  – ўсё гэта можна было ўбачыць 10 красавіка 2018 года ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці на адкрыцці абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Казкі і паданні майго краю”.

У экспазіцыю выстаўкі ўвайшлі работы ўдзельнікаў гурткоў і студый выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вучняў дзіцячых мастацкіх школ і школ мастацтваў, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, асобных таленавітых канкурсантаў – прадстаўнікоў дзяцей і моладзі вобласці. Больш за 100 работ розных па сваёй кампазіцыі і тэхніцы выканання заварожвалі і здзіўлялі гасцей выставачнай залы.

 Усе работу канкурсантаў падзяляюцца на дзве ўзроставыя катэгорыі: “да 16 гадоў” і “ад 16 да 31 года”. 2 чэрвеня 2018 года кампетэнтнае журы падвядзе вынікі і ўзнагародзіць лаўрэатаў у 3-х намінацыях: жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.  А да гэтага часу, кожны наведвальнік выставачнай залы мае магчымасць паўплываць на вынікі і аддаць свой голас за таго канкурсанта, чыя работа была для яго самай вобразнай, арыгінальнай і творчай. Менавіта гэты мастацкі твор атрымае прыз глядацкіх сімпатый.

Абласная выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Казкі і паданні майго краю” будзе працаваць да 1 чэрвеня 2018 г. уключна.