Аматараў гітарнай музыкі сабраў гродзенскі клуб творчай інтэлігенцыі “Грані”

У народным клубе творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага АМЦНТ 29 красавіка адбылося чарговае адкрытае пасяджэнне з цыкла “Гітара ад класікі да джаза”, прысвечанае знаёмству з класічнай гітарнай школай Гродна, якая, на думку многіх музыказнаўцаў, з’яўляецца самай выбітнай і адметнай у нашай краіне.

Кураўнік клуба А.Закрэўскі распачаў імпрэзу з невялікага агляду развіцця сусветных гітарных школ, у тым ліку і беларускай. Госці ў гэты вечар мелі магчымасць пазнаёміцца з лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў класічнай гітары, уладальнікам першых прэмій міжнародных конкурсаў у Маскве і Санкт-Пецярбургу, аўтарам  навуковых публікацый па гісторыі выканальніцтва і выкладання на класічнай гітары – Уладзіславам Сукалам, а таксама лаўрэатам рэспубліканскага адкрытага конкурсу юных скрыпачоў імя П.А. Валадарскага (г. Мінск) – Яраславай Гераськінай (выкладчык – Ірына Дзмітрыева).

У выкананні У.Сукалы вельмі цікава прагучалі транскрыпцыі і перакладанні лютневай, скрыпічнай і фартэпіяннай музыкі для гітары. Я.Гераськіна выканала творы для гітары замежных і беларускіх кампазітараў, а напрыканцы музычнай праграмы бліскуча прагучаў дуэт гітары і скрыпкі. Пасля музычнай часткі па традыцыі слухачы задавалі пытанні выканаўцам, па-сяброўску размаўлялі і абменьваліся думкамі.