Аматары традыцыйных рамёстваў запрашаюцца на этнаграфічную выстаўку “Скарбы Лідчыны”

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адкрылася новая этнаграфічная выстаўка  “Скарбы Лідчыны”,  якая  адлюстроўвае розныя напрамкі традыцыйных рамёстваў: пляценне з саломы, выцінанка, шыццё, ткацтва, ганчарства, дрэваапрацоўка. Прадстаўленыя вырабы выканалі таленавітыя майстры лідскай зямлі. Вялікая калекцыя ручнікоў, посцілак, прадметаў хатняга абіходу – наведвальнікаў выстаўкі зацікавіць і акуне ў мінулае беларуская хата з рэчамі, якімі некалі крысталіся нашыя продкі.

У мінулыя выхадныя экскурсію па выстаўцы правялі малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая і майстар Валянціна Сільвановіч. Дзіцячую аўдыторыю пазнаёмілі з традыцыйнай беларускай культурай: расказалі пра гісторыю стварэння беларускага касцюма,  пра асаблівасці яго вырабу на тэрыторыі Гродзенскага Панямоння, пра ўжыванне прадметаў хатняга абіходу беларусаў.

Юныя наведвальнікі выстаўкі змаглі пазнаёміцца з традыцыйнай культурай Лідскага рэгіёну, удасканаліць свае веды аб гісторыі родных мясцін.