БЕЛАРУСКАЕ МАСТАЦТВА ВЫЦІНАНКІ АТРЫМАЕ СТАТУС ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ

19 красавіка 2021 года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны падтрымала прапанову аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу “Беларускае мастацтва выцінанкі”.

Ініцыятарам падрыхтоўкі адпаведнай прапановы выступіла Міністэрства культуры, па просьбе якога аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам сумесна з установамі культуры і навуковымі арганізацыямі вывучаны і зафіксаваны сучасны стан бытавання мастацтва выцінанкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

На сённяшні дзень у нашай краіне носьбітамі мастацтва выцінанкі з’яўляюцца каля 100 майстроў, сярод якіх 11 маюць ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”.

Выцінанка – гэта мастацтва выразання карункавых узораў з паперы, якое набыло шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя як спосаб аздаблення інтэр’еру традыцыйнага жылля і было адноўлена як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў канцы ХХ стагоддзя.

Стылістыка сучасных выцінанак, распаўсюджаных па ўсёй Беларусі, надзвычай багатая і разнастайная. Сярод іх вылучаюцца характэрныя ўзоры сучаснага народнага мастацтва, творы звычайнага аматарства і самадзейнасці, творы прафесійнай графікі і дызайну.

У мэтах папулярызацыі беларускай спадчыны на міжнародным узроўні і павелічэння прысутнасці беларускіх элементаў у спісах ЮНЕСКА Міністэрствам культуры запланавана падрыхтоўка ў 2021 годзе намінацыі па элементу “Беларускае мастацтва выцінанкі” для яе накіравання ў Сакратарыят Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Таксама Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прыняла рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці велікоднаму карагоду, які бытуе ў аграгарадку Маркава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці і праводзіцца на першы дзень Вялікадня.

Пасля прыняцця адпаведнага рашэння Міністэрства культуры дадзеныя элементы будуць уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь