Брэндавае свята “Кошык плесці – не байкі весці” прайшло ў аг. Ёдкі Лідскага раёна

У народзе кажуць: “Кошык плесці – не байкі весці…” І ў гэтым ўпэўніўся кожны, хто пабываў на свяце кошыка ў аграгарадку Ёдкі Лідскага раёна, якое ўжо другі раз сабрала аматараў лозапляцення і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ўсіх, каго цікавяць народныя рамёствы.

Галоўнымі гасцямі свята сталі майстры па лозапляценні: Алена Войсят з вёскі Наркуны Крупаўскага сельсавета, Канстанцін Дзербук з вёскі Панямонцы і Міхаіл Кельнік з хутара Збляны Беліцкага сельсавета. Яны са ўсёю шчырасцю сэрца падзяліліся з гледачамі свята сакрэтамі і таямніцамі гэтага старажытнага беларускага рамяства: расказалі, калі трэба збіраць лазу, як яе падрыхтоўваць, паказалі розныя тэхнікі пляцення і прадставілі вырабы з лазы, якія, дарэчы, былі ўсімі ўпадабаныя і добра купляліся, а гэта сведчыць аб тым, што ў сваіх дамах сучасныя людзі без кошыка не абыходзяцца.

Арганізаваная выстаўка плеценых вырабаў “Ад мінулага да сучаснага” ўразіла разнастайнасцю матэрыялаў, бо гэта не толькі вырабы з лазы, але і з нітак, стужак, вяровак і паперы. Экспанаты з усяго Лідскага раёна дзівілі вока сваёю самабытнасцю і прыгажосцю. Мінойтаўскі культурна-дасугавы цэнтр і Аксана Каратай з аграгарадка Ёдкі прэзентавалі сучасныя вырабы – гэта і дэкаратыўныя вазы, скарбонкі, куфэркі, лыжкі, сплеценыя з паперы і нітак. Выстаўку салодкай выпечкі “Ёдкаўскія прысмакі” прадставіла мясцовая гаспадыня Святлана Янцэвіч. Прыняла ўдзел у свяце і Ёдкаўская інтэгрыраваная бібліятэка, якая аформіла куток літаратуры, прысвечанай Году малой радзімы.

Частаваннне з кошыка-самабранкі, гульнёвая праграма “Кошык весялосці”, канцэртная праграма артыстаў з Мінойтаўскага і Бердаўскага культурна-дасугавых цэнтраў, побытавыя танцы, інтэрактыўная пляцоўка “Аквагрым”, атракцыёны – кожны знайшоў на свяце занятак для душы.

Свята кошыка, мэтай якога стала адраджэнне лозапляцення, прынесла і гасцям, і ўдзельнікам толькі прыемныя ўражанні. Гледачы, сярод якіх былі не толькі жыхары Ёдак, але і госці з Ліды – удзельнікі аб’яднання “Актыўнае даўгалецце”, не шкадавалі далоняў для апладысментаў і не хавалі радасных усмешак.

Рамяство лозапляцення даўно стала візітнай карткай Беларусі. Разнастайнасць і пластычнасць матэрыялу дазваляе ствараць непаўторныя самабытныя вырабы, у чым ўпэўніліся неабыякавыя да народных рамёстваў госці свята.