“Будзь здаровы, гаспадар, будзь здарова, гаспадыня!” жадалі ў нядзелю жыхарам Навіянкі Воранаўскага раёна

У кожнага чалавека ёсць дарагія сэрцу мясціны. Гэта зямля, якая яго ўскарміла і даверыла свае таямніцы. Дазволіла пачуць дыханне сагрэтай сонцам глебы і птушынае рознагалоссе на досвітку, удосталь надыхацца водарам квітнеючых садоў і спелых суніц у лесе, наталіцца найсмачнейшай у свеце сцюдзёнай вадой з калодзежа. Менавіта сюды імкнецца стомленая нягодамі ці акрылёная радасцю душа, за сотні кіламетраў ляцяць думкі. Такіх маляўнічых мясцін шмат на Воранаўшчыне. Гэта невялічкія вёсачкі, на першы погляд нічым не прыкметныя, але па-свойму адметныя і вельмі дарагія яго жыхарам. Даведацца аб іх, упэўніцца ў іх непаўторнасці дазваляе прект “Будзь здаровы, гаспадар, будзь здарова, гаспадыня!” Ён стаў здабыткам Года культуры, і вось ужо чацвёрты год жыве на Воранаўшчыне. Узаемныя візіты-знаёмствы вяскоўцаў становяцца сапраўднымі святамі.

4 жніўня жыхары Навіянкі прымалі гасцей з Утканаў. Ветліва, хлебам-соллю сустракалі ў Навіянцы суседзяў з Канвелішскага сельсавета. Мясцовыя гаспадары асабліва старанна рыхтаваліся прыняць гасцей. Добраўпарадкавалі падворкі і вуліцы, каб вёска пакінула добрае ўражанне. На свята былі запрошаны кіраўніцтва сектара культуры райвыканкама з Воранава, старшыні сельсаветаў. Канвелішскага — Ірына Пільжыс і Перганцаўскага — Людміла Дзекан, старасты і самыя актыўныя жыхары вёсак. Шэсце гасцей рухалася па цэнтральнай вуліцы Навіянкі да сцэны, зладжанай работнікамі Пераганцаўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Затрымлівалі позіркі на падворках, бо быў аб’яўлены конкурс на лепшы з іх. Шматлікіх удзельнікаў свята аб’яднала малітва — імшу за дабрабыт і здароўе мясцовых жыхароў і ў памяць аб памерлых продках пад адкрытым небам правёў настаяцель касцёла Найсвяцейшага сэрца Ісуса Хрыста ксёндз Дзмітрый Сядлецкі. У наступную нядзелю жыхары вёскі будуць гасцяваць ва Утканах, дзе іх прывітаюць: “Будзь здаровы, гаспадар, будзь здарова, гаспадыня!”

Па матэрыялам сайта Воранаўская газета