Бульбачка-беларусачка завітала ў аг. Хвінявічы Дзятлаўскага раёна

У рамках раённага праекта Дзятлаўшчыны “Дбайных людзей славім – весела час бавім” у аг. Хвінявічы прайшло Свята бульбы. Мерапрыемства, прысвечанае “другому хлебу” беларусаў, пачалося з харэаграфічнай пастаноўкі. Пад вясёлую музыку на сцэну завіталі гаспадыні-суседачкі ў нацыянальным убранстве, якія сардэчна павіталі гасцей свята, пажадалі ўсім дабрыні, бадзёрага настрою, ветлівых усмешак.

Са шчырымі словамі прывітанняў і віншаванняў звярнуўся да землякоў і гасцей свята старшыня Парэцкага сельвыканкама, які пажадаў вяскоўцам мець штогод багаты ўраджай “другога беларускага хлеба”, а падчас святочнага мерапрыемства – добра адпачыць ад штодзённых клопатаў. Павіталі жыхароў аграгарадка і гасцей свята старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Кацярына Хілімончык. Яны пажадалі ўсім прысутным вясёлага адпачыну, пазітыўных эмоцый, удзельнікам  спаборніцтваў – адвагі, спрыту, правесці час актыўна, весела і з карысцю, мацнейшым – перамогі.

“Пенкная паненачка, шэрая сукеначка, зялёная хустачка…” – на святочную пляцоўку з нізкім паклонам хутка завітала віноўніца свята – Бульбачка-беларусачка. Яна павіншавала гасцей святочнага мерапрыемста, падзякавала за пашану і запрасіла ўдзельнікаў свята весяліцца, спяваць, танцаваць. Дзятве гераіня святочнай праграмы прапанавала прыняць удзел у конкурсе малюнкаў на асфальце пад назвай “Чароўная бульбачка”.

Выклікала шчырае захапленне і ў дзяцей, і ў дарослых прадстаўленне “Гасцёўня БульбаЁсціка” ў выкананні ўзорнага тэатра роставых лялек “Лялькі для ўсіх” Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Сюжэтна-гульнёвую праграму “Як мы бульбачку капалі” для жыхароў і гасцей аграгарадка прапанаваў народны тэатр-студыя гульні “Прымакі”.

У час свята ладзілася дэгустацыя бліноў і іншых традыцыйных страў, выстаўка творчых работ навучэнцаў. Супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі арганізавалі вастаўку часопісаў з рэцэптамі страў з бульбы. Пастараліся арганізатары свята і для самых маленькіх удзельнікаў мерапрыемства: працавалі надзіманыя горкі, батуты, цір, карусель, рознакаляровы “Color Fest”.

Хутка на старт паклікаў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2018”, які штогод ладзіцца пад эгідай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Удзел у спартыўных спаборніцтвах прынялі чатыры сям’і. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў стала прыемным заключным момантам святочнай праграмы. Свята прадоўжылася незабыўным канцэртам ад лепшых выканаўцаў Дзятлаўскага раёна.

Больш фота на сайце Дзятлаўскай раённай газеты «Перамога»