Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай песні “Бліскавіца” філіяла “Гродзенскія электрычныя сеткі” Гродзенскага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электраэнергетыкі “Гроднаэнерга”

  

Год заснавання: 1979

Мастацкі кіраўнік: Наталля Леанідаўна МІХНЕВІЧ

 

Ансамбль “Бліскавіца” ў сваёй творчай дзейнасці аддае перавагу нацыянальнаму фальклору. Калектыў складаецца са змяшанага хору, фальклорнай і інструментальнай груп.

Аснова рэпертуару “Бліскавіцы” – беларускія народныя песні, большасць з якіх запісана на Панямонні. Значнае месца ў творчай дзейнасці калектыву займаюць аўтарскія харавыя творы вядомых прафесійных кампазітараў і кампазітараў-аматараў. Выступленні “Бліскавіцы” адрозніваюцца высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства, выключным артыстызмам, вялікай разнастайнасцю жанраў, цікавай рэжысурай канцэртных праграм і яскравымі сцэнічнымі вобразамі. Ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” ансамблю было прысвоена ў 2005 годзе. У гэтым жа годзе калектыву была прысуджана Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за высокае выканальніцкае майстэрства і актыўную прапаганду беларускага песеннага фальклору.

У 2013 годзе калектыў стаў уладальнікам Гран-пры, а ў 2015 – заняў першае месца на Рэспубліканскім галіновым аглядзе-конкурсе аматарскіх калектываў мастацкай творчасці арганізацый энергетыкі, электратэхнічнай і паліўнай прамысловасці. Ансамбль вядзе актыўную канцэртную дзейнасць і плённа ўдзельнічае ў культурным жыцці горада, вобласці, рэспублікі.

Сцэнічная культура, творчы энтузіязм кіраўнікоў і ўдзельнікаў, беражлівыя адносіны да беларускага песеннага фальклору – усё гэта дае магчымасць назваць Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай песні “Бліскавіца” адным з лепшых калектываў вакальна-харавога жанру Гродзенскай вобласці.