Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь Народны камерны жаночы хор ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж”

 

Год заснавання: 1969

Мастацкі кіраўнік: Ларыса Мікалаеўна ІКОННІКАВА Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, адзін з найбольш таленавітых харавых дырыжораў Беларусі.

У 2003 годзе Рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь камернаму жаночаму хору прысвоена ганаровае найменне “народны аматарскі калектыў”, а ў 2017 годзе – званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

Агульная колькасць удзельнікаў камернага жаночага хору складае 37 чалавек. Склад калектыву кожны год абнаўляецца, бо ён з’яўляецца вучэбным. Многія ўдзельнікі хору ў далейшым становяцца студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі ў сферы культуры і мастацтва краіны, у тым ліку Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Рэпертуар калектыву разнастайны і рэгулярна папаўняецца на працягу вучэбнага года не менш чым 50 новымі творамі. Гэта класічныя сачыненні беларускіх, рускіх, замежных кампазітараў, апрацоўкі народных песень і сучасная музыка. Значную частку рэпертуару хору складаюць духоўныя творы шырокага гістарычнага і стылявога дыяпазону.

Калектыў валодае багатай дынамічнай і тэмбральнай палітрай, у спевах acappella дэманструе высокі ўзровень вакальнага майстэрства: чысты гарманічны і меладычны строй, поўнае спалучэнне ўсіх кампанентаў вакальна-харавога выканання, чулае рэагаванне на жэсты дырыжора, прафесійныя адносіны да нюансаў.

Народны камерны жаночы хор вядзе актыўную канцэртна-выканальніцкую і музычна-асветніцкую дзейнасць, паспяхова выступае з канцэртнымі праграмамі на разнастайных урачыстых мерапрыемствах горада, вобласці, рэспублікі і ўдзельнічае ў найважнейшых падзеях сацыякультурнага жыцця краіны: канцэрт “Спяваюць жаночыя хары” ў рамках фестывалю “Святло Каляднай зоркі”  (г. Мінск, 2014 г.),  фінальныя мерапрыемствы агульнарэспубліканскага “Харавога Веча” ў рамках грамадска-культурнай акцыі “Мы разам” (г. Мінск, 2015 г.). Калектыў атрымаў званне лаўрэата 11 міжнародных інтэрнэт-конкурсаў, заснаваных Фондам падтрымкі і развіцця дзіцячай творчасці “Планета талентаў” (г. Масква, Расійская Федэрацыя, 2014-2016 гг.).

Народны камерны жаночы хор Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа – адзін з лепшых харавых калектываў краіны, якому спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі прысуджана Гранд-прэмія і званне лаўрэата фонду у 2004 годзе, заахвочвальная прэмія па падтрымцы таленавітай моладзі ў 2010 і 2015 гадах.

Плённымі і паспяховымі для народнага камернага жаночага хору сталі 2016 і 2017 гады ў аспекце ўзроўню рашэння мастацка-выканальніцкіх задач у галіне харавога мастацтва, і, як следства - дасягненне лаўрэацкіх званняў на творчых спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню: XXXV Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Хайнуўка-2016” (Рэспубліка Польшча, г. Беласток), V Міжнародны фестываль харавой музыкі “Залатая стужка Шальчы” (Рэспубліка Літва, г. Эйшышкес, 2016 год), XXIV Міжнародны фестываль-конкурс духоўнай перадкаляднай і каляднай музыкі “Cantate Domino” (Рэспубліка Літва,                 г. Каўнас, 2016 год), XIV Міжнародны інтэрнэт-конкурс “Поклонимся великим тем годам” (Расійская Федэрацыя, г. Масква, 2016 год), XVI Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў “Каложскі Благавест” (г. Гродна, 2017 год).

Народны камерны жаночы хор знаходзіцца ў добрай творчай форме, паспяхова вырашае задачы эстэтычнага выхавання сваіх удзельнікаў, гледачоў і годна прадстаўляе вакальна-харавое мастацтва Гродзеншчыны.