Дварэцкі дом культуры Дзятлаўскага раёна прапанаваў падарожжа ў мінулае

Над аграгарадком Дварэц лунала песня. Так мясцовых жыхароў і гасцей паселішча ў Дом культуры заклікалі ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні “Прымакі”.

Тут 31 ліпеня праходзіла ўрачыстае адкрыццё этнаграфічнай экспазіцыі “Побытавая культура беларускага селяніна”.

Артыстам не давялося доўга спяваць пад спякотным сонцам, госці ўрачыстасці сабраліся хутка. Сярод іх былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка, старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч, дырэктар Дзятлаўскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Тамара Юранкова.

– Цудоўную і багатую спадчыну маюць беларусы, – зазначыла, звяртаючыся да прысутных, вядучы метадыст аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Янушкевіч, – Створана гэта спадчына нашымі продкамі на працягу стагоддзяў. Зразумела, што і мы – працяг мінулых пакаленняў і падмурак для будучых. Дык, няхай этнаграфічная экспазіцыя, якая адкрылася ў Дварцы, радуе і дарослых, і дзяцей. Яе значэнне ў захаванні гісторыі малой радзімы цяжка пераацаніць.

– Сёння мы даём старт адкрыццю такіх музейных куткоў і экспазіцый ва ўстановах культуры, – расказала Наталля Калодка, – гэта першая музейная экспазіцыя, якую мы адкрываем. Знакава, што гэта адбываецца ў Год роднай зямлі. Наперадзе ў нас яшчэ два такія гады, спадзяюся, што гэта работа прадоўжыцца. Кожны музей – гэта скарбонка памяці, у якой захоўваюцца лёсы людскія, гістарычныя падзеі. А наша экспазіцыя прысвечана этнаграфіі: быту простага народа, яна адлюстроўвае, як жылі нашы продкі, чым займаліся, якія песні спявалі. Таму я ўпэўнена, што сёняшняя наша сустрэча стане стартавай, і мы будзем усё часцей сустракацца ў дамах культуры, каб захоўваць нашы традыцыі і перадаваць іх моладзі.

Таццяна Янушкевіч выступіла ў ролі экскурсавода і пазнаёміла гасцей з раздзеламі этнаграфічнай экспазіцыі, сярод якіх “Промыслы і рамёствы беларускага селяніна ў канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў”, “Беларуская хата – ад чырвонага кутка да бабінага закутка”, “Традыцыйнае аддзенне селяніна і яго выраб”, “Прылады ткацтва”.

Затым экскурсавод расказала, што ідэя стварэння экспазіцыі ў свой час належала Алене Мішчук, якая з’яўлялася кіраўніком народнага фальклорнага гурта “Студзераўшчына”, які працуе з 1975 года, а ганаровае званне “Народны” атрымаў у 1997-ым. Усе гады гурт вядзе актыўную творчую дзейнасць. У 2015 годзе калектыў стаў лаўрэатам першай ступені абласнога рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”. Песні гурта ўвайшлі ў кнігу Т. Варфаламеевай “Песні Беларускага Панямоння” і трохтомнік “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Гродзенскае Панямонне”.

І гасцей свята нашы самабытныя спявачкі народнага фальклорнага гурта “Студзераўшчына” таксама парадавалі сваім выступленнем.

Па матэрыялах Дзятлаўскай раённай газеты “Перамога”

Больш фота на сайце выдання (перайсці)