Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь адзначылі ў Ашмянах

Пачаткам аднаго з найважнейшых святаў краіны стала ўрачыстае шэсце па галоўнай вуліцы горада. Восем калон са сцягамі прайшлі ад магазіна «Радуга» да стадыёна фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Некалькі соцень школьнікаў, навучэнцаў аграрна-эканамічнага і аграрна-тэхнічнага каледжаў, маладых спецыялістаў суправаджаў аркестр Смаргонскай пагранічнай групы. Гучная музыка і масавае шэсце зацікавіла шматлікіх гараджан, якія далучыліся да калоны і прыйшлі, каб прыняць удзел у мерапрыемстве.

Урачыстасць разгарнулася на стадыёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Удзельнікаў свята віталі намеснік старшыні райвыканкама Галіна Люткоўская, дэпутат Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання Вольга Саванец, якія нагадалі пра нашы дзяржаўныя сімвалы, важнасць паважлівых адносін да іх.

Як адзначылі вядучыя, герб, сцяг, гімн з’яўляюцца духоўнымі святынямі і адлюстроўваюць лепшыя рысы характару беларусаў. Нездарма Уладзімір Караткевіч назваў нашу краіну «зямлёй пад белымі крыламі».

Свята Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь адзначаецца штогод у другую нядзелю мая. Падчас сённяшняга мерапрыемства былі ўрачыста вынесены нашы галоўныя сімвалы. Ганаровае права падняць сцяг атрымалі майстар калбаснага цэху ААТ «Ашмянскі мясакамбінат» Уладзіслаў Зайцаў, настаўнік- арганізатар гімназіі №1 Ядзвіга Буйніцкая, майстар будаўніча-мантажных работ ААТ «Будаўнік» Аляксей Сазановіч, вучаніца СШ №1 Дар’я Місюкевіч.

Па добрай традыцыі ў гэты святочны дзень папоўніліся шэрагі грамадскіх аб’яднанняў. Сакратар раённага камітэта ГА БРСМ Вольга Шыдлоўская павіншавала прысутных са святам і ўручыла членскія білеты. Акрамая таго, школьнікі былі прыняты ў шэрагі піянераў і акцябрат. З гэтай значнай падзеяй юных актывістаў павіншавала старшыня раённага савета ГА «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» Анастасія Вашчук.

Прыгожым дапаўненнем свята сталі танцавальныя кампазіцыі ў выкананні вучняў СШ №3 і удзельніц студыі «Диана». Пасля урачыстасці прысутных запрасілі на футбольны матч.

Па матэрыялах газеты “Ашмянскі веснік”: Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ и Аляксандра НАУМЧЫКА.

Больш фота на афіційным сайце выдання (перайсці)