Дзень калектыўнага адпачынку “Душы запаветны куток” прайшоў у аг. Жупраны Ашмянскага раёна

Дзень калектыўнага адпачынку аграгарадка – гэта заўсёды добрая і светлая ўрачыстасць для яго жыхароў, якія добра ведаюць адзін аднаго. Весткі аб маючых адбыцца падзеях у Жупранах разносяцца хутка. Да таго ж, дырэктар аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Анастасія Кеда абвясціла  пра сумесны адпачынак аграгарадчан загадзя: шматлікія маляўнічыя плакаты з падрабязным пералікам святочных мерапрыемстваў заклікалі жупранцаў на свята здалёк.

Тэма свята, запланаванага на 14 ліпеня, гучала так: «Душы запаветны куток». Усе самыя добрыя словы ў гэты дзень былі прысвечаны роднаму аграгарадку і яго жыхарам. Вядучыя – Таццяна Едчык і Антон Бравінскі – трымалі гледачоў у пастаяннай увазе, робячы акцэнт на тых ці іншых значных і адметных падзеях, якія адбываліся ў мясцовасці на працягу мінулых гадоў. Арганізатары мерапрыемства з дапамогай мясцовай таленавітай моладзі знайшлі цёплыя словы і музычныя падарункі для кожнага жыхара вёскі. У канцэртнай праграме прынялі ўдзел: мясцовая вакальная група “Рябинушка” і вядомыя любімыя артысты  аграгарадка – Алёна Лаздзін і Іван Манчак.

Самых маленькіх аграгадчан таксама не абмінулі, іх забаўляў разумны, прыгожы мужчына ў поўным росквіце сіл … любімы мультыплікацыйны герой Карлсан! Навокал віднеліся ўсмешлівыя твары, усіх не пакідала адчуванне, што аграгарадок  па-сапраўднаму жыве. Усё гэта кранала сэрцы і душы тых, хто завітаў на свята.  Увечары  ўсе  натанцаваліся ад душы – культурнае мерапрыемства працягнулася дыскатэкай для дарослых.

Пасля такога свята жыхары аграгарадка яшчэ больш пераканаліся ў тым, што іх родны куток будзе багацець і развівацца пад шчаслівым сузор’ем, якое засцеражэ яго ад бяды і ліха, а журанцы заўсёды будуць жыць у шчасці і спагадзе.