Фестываль-кірмаш “Смаргонскія абаранкі” вітаў гасцей

25 мая старажытны горад Смаргонь у другі раз вітаў гасцей і ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу “Смаргонскія абаранкі”, рэгіянальнай выстаўкі-прэзентацыі “Паўночны вектар Гродзеншчыны” і Міжнароднага эканамічнага форума “Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва”.

Свята адкрылі творчыя калектывы Смаргоні – дзіцячы ансамбль танца “Мішутка”, народны ансамбль песні і танца імя Агінскага, танцавальны калектыў “Смаргоначка” ДУА “СШ №5 г. Смаргоні”, узорны ансамбль народнай песні “Кучарочкі”, узорны ансамбль народнай музыкі “Гулянок” і навучэнцы харэаграфічнага аддзялення ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў імя Агінскага”.

Гасцей вітала Спадарыня Абаранка, за якой рухалася шэсце міні-трактароў са сцягамі краін – удзельніц свята. Пасля ўрачыстага адкрыцця першым падарункам для публікі стала выступленне беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”. 

На тэрыторыі гарадскога парку размясціўся цэлы Абаранкавы горад, які працаваў на працягу ўсяго святочнага дня. Напрыклад, на вуліцы “Арцельнай”, як і ў былыя часы, працавалі абараначныя арцелі з незвычайнымі назвамі “Мукасолька”, “Марцінаў сад”, “У Зыдора”, арцель “Бараначна-хмяльная”, “Мядовая” і завулак “Вясёлы”, на якіх госці свята маглі не толькі пачаставацца смачнымі ласункамі, паслухаць цудоўныя беларускія песні, патанцаваць, але і паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе абаранкаў.

На вуліцы “Смачнай” працавалі міні-кафэ са стравамі беларускай кухні. На вуліцы “Мядзвежай” размясціліся майстры народнай творчасці, якія запрашалі не толькі набыць свае вырабы, але і паўдзельнічаць у разнастайных майстар-класах.

На вуліцы “Вучонай”, якая была створана менавіта для дзяцей, праходзілі гульнёва-забаўляльныя праграмы, гульнёвыя атракцыёны, канцэрты дзіцячых калектываў і прэзентацыі розных праектаў.

На плошчы “Спеўнай”, у летнім амфітэатры гасцей свята чакалі выступленні творчых калектываў Ашмянскага, Астравецкага і Смаргонскага раёнаў, а таксама фольк-гурта “Лялькі-карпарэйшн” і шоу-балета “Феерыя” (г. Мінск).

На працягу фестывалю-кірмашу праходзілі конкурсы-дэгустацыі разнастайных абараначных вырабаў, а таксама конкурс на лепшы выставачны павільён. Удзел прынялі вытворцы з розных куткоў Беларусі.

Фінальнай кропкай свята стала піратэхнічнае прадстаўленне ля амфітэатра з выкарыстаннем эфектаў у выглядзе колаў, што ўвасабляюць сабой абаранкі.