Гарбузовы фэст у аг. Ходараўцы Лідскага раёна

У аграгарадку Ходараўцы 29 верасня адбылося брэндавае мерапрыемства – гарбузовы фэст “Каралева восені”, які праводзіўся ў другі раз. Трапна ўпрыгожаная сцэна, мноства разнастайных пляцовак, лакацый-фотазон і цікавая праграма радавалі наведвальнікаў.

У межах свята была арганізавана выстаўка-конкурс агародных пудзіл “Вельмі-вельмі моднае пудзіла агароднае”. Перамагло, дарэчы, пудзіла па імені “Зубеня”, якое рыхтавалі работнікі Першамайскага Дома культуры.

Выстаўка-конкурс гарбузоў “Ходараўскі край – гарбузовы рай”  здзіўляла сваімі памерамі і яркасцю афармлення. На выставе былі прадстаўлены гарбузы, якія вырасцілі гаспадары з трох вуліц аграгарадка Ходараўцы: вул. Ю.Гагарына, вул. Камсамольскай, вул. Савецкай. Жыхары аграгарадка загадзя рыхтаваліся да свята і з задавальненнем паўдзельнічалі ў аб’яўленым конкурсе. У выніку кампетэнтнае журы вызначыла пераможцаў з вуліцы Камсамольскай – яны вырасцілі самыя вялікія гарбузы.

Экспрэспленэр “Я малюю матулін агарод” наведалі маленькія гледачы – тут можна было прысесці адпачыць і адначасова зрабіць малюнак на тэму “Матулін агарод”. Малюнак арганізатары свята адразу размяшчалі на стэндзе, які знаходзіўся побач.

Майстар-клас па карвінгу “Гарбузовы перапалох” праводзіла Галіна Сафонава з аг.Пескаўцы. З садавіны і агародніны яна трапна выразала розныя малюнкі і фігуркі.

На выстаўцы-дэгустацыі “Смак гарбузовы” можна было паласавацца смачнымі стравамі. Новыя рэцэпты прыемна здзівілі ўсіх гаспадынь аграгарадка. Дарэчы, за лепшыя стравы гаспадыні, якія гатавалі пачастункі, былі ўзнагароджаны падарункамі.

На працягу свята добры настрой вяскоўцам і гасцям дарылі артысты з аг.Ходараўцы і Шчучынскага раёнага.