Гучны спеў лідскіх «Крэсавяцаў» чуў сам Папа Рымскі

Бягучы год юбілейны для народнага ансамбля польскай песні “Крэсавяцы” Палаца культуры горада Ліды.

Трыццаць год гучаць у Лідзе і за яе межамі песні “крэсовыя”, духоўныя і іншыя ў выкананні ансамбля. Трыццаць год ансамбль садзейнічае захаванню “крэсовай” культуры на Лідчыне. Ёсць нагода расказаць на старонках “Лідскай газеты” аб гісторыі песеннага калектыву, яго ўдзельніках, яго багатым рэпертуары, яго гастрольнай дзейнасці і дасягненнях. Карэспандэнт,  «Лідскай газеты»  запрасіў да гутаркі найстарэйшага на сённяшні дзень удзельніка “Крэсавяцаў” – салістку ансамбля Ганну Комінч.

Аб’яднаныя любоўю да песні «крэсовай»

Задоўга да ўтварэння ансамбля “Крэсавяцы” будучыя ўдзельнікі песеннага калектыву марылі спяваць разам. Не раз распявалі яны ў хатнім застоллі песні дзядоў і прадзедаў, што жылі некалі на так званых “усходніх крэсах” – прымежнай з Польшчай тэрыторыі Беларусі (адсюль і назва анса-мбля – “Крэсавяцы”). Патрэбнасць душы ў тых амаль забытых творах прывяла гэтых людзей да стварэння песеннага калектыву. Першым кіраўніком ансамбля быў Станіслаў Янушкевіч. Назву “Крэсавяцы” ансамблю даў адзін з яго першых удзельнікаў Зянон Бянько. Сцэнічным дэбютам калектыву стаў удзел у канцы 1990 года ў святкаванні Божага Нараджэння.

– Пачыналі мы даволі вялікім калектывам фанатаў песні “крэсовай”, – расказвае Ганна Комінч. – Напачатку ў нас быў не толькі харавы састаў, але і свой аркестр, і свая танцавальная група. Паступова састаў ансамбля скараціўся, калектыў пакінулі многія маладыя ўдзельнікі – хто паступіў вучыцца ў іншы горад, каго паклікала армія, а хто вырашыў стварыць сям’ю… Быў час, калі мы гатовыя былі рэпеціраваць да дзвюх гадзін ночы, калі ў нас на ўсё хапала сіл і часу дзеля песень. А ўвогуле, за сваю трыццацігадовую гісторыю “Крэсавяцы” перажылі розныя перыяды: былі ўзлёты і падзенні, былі радасць і гора. Напэўна, самай горкай падзеяй у гісторыі ансамбля была смерць у 2007 годзе яго першага кіраўніка, майго брата Станіслава Янушкевіча, якая на некаторы час падкасіла ўвесь калектыў. У першыя пару тыдняў пасля смерці Станіслава мы ўвогуле не маглі знайсці сіл, каб прыйсці на рэпетыцыю, ды і потым доўгі час рэпеціраваць нам было цяжка. Але засталіся бессмяротныя музыка і песні ў апрацоўцы таленавітага музыканта. Пяём гэтыя песні – і я быццам бачу, як яго рукі бягуць па клавішах… 

Пасля смерці Станіслава Янушкевіча састаў калектыву значна памяняўся. Ансамбль узначаліў і кіруе ім па сённяшні дзень малодшы брат Станіслава Антонавіча – Часлаў Янушкевіч, таксама таленавіты музыкант. Час ідзе, адны ўдзельнікі пакідаюць “Крэсавяцы”, другія прыходзяць, але касцяк калектыву застаецца, вакол яго і трымаецца калектыў. З дня ўтварэння ансамбля пяюць у ім Часлаў Янушкевіч, яго сястра Ганна Комінч з мужам Тадэвушам Комінчам (апошні не мае музычнай адукацыі, але пяе цудоўна). Апошняе абнаўленне саставу ансамбля адбылося ў 2015 годзе. Сённяшнія “Крэсавяцы” – гэта, акрамя вышэйзгаданага іх касцяка, дачка мужа і жонкі Комінчаў Гражына, Вольга Цыдзік, Вольга Бурнос, Андрэй Скіпар, Аляксандр Арлоўскі. Гражына Комінч скончыла Уроцлаўскую акадэмію музыкі, аднак у Польшчы не затрымалася – цягнула ў родную Ліду, у ансамбль, у якім пяюць бацькі, дзядзька. Атрыманая вышэйшая музычная адукацыя дазваляе Гражыне дапамагаць рабіць аранжыроўкі кіраўніку анса-мбля. Андрэй Скіпар – выпускнік Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Аляксандр Арлоўскі – настаўнік геаграфіі і гісторыі Бердаўскай СШ. Вольга Цыдзік – настаўнік-лагапед СШ №10 горада Ліды. Вольга Бурнос пакуль знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, але па магчымасці таксама пяе ў “Крэсавяцах”.

«Вас так мала – і вы так гучна спяваеце!»

– У нашым шырокім рэпертуары, – працягвае Ганна Антонаўна, – можна сустрэць песні не толькі на польскай мове, але і на беларускай, рускай, літоўскай, украінскай, нават на англійскай, лацінскай мовах. Спяваем і класічныя, і эстрадныя, і духоўныя песні, але ў асноўным – народныя “крэсовыя”. Апошнія маюць на сабе адбітак польскай, беларускай, рускай, літоўскай і ўкраінскай культур (на “ўсходніх крэсах” жа калісьці склаўся своеасаблівы фальклор пад уплывам некалькіх нацыянальнасцей). Некалькі культур перапляліся, наслаіліся адна на другую, утварыўшы так званую “крэсовую” культуру, што праявілася і ў песнях. Гэтыя песні немагчыма зблытаць з усходнебеларускімі, у іх часам праскокваюць ноткі паланэза, мазуркі, своеасаблівая “танцавальна-шляхецкая” мелодыя, якая адрозніваецца асаблівай лёгкасцю. Дарэчы, самае распаўсюджанае мужчынскае імя ў “крэсовых” песнях – Ян, а жаночае – Зося. Да 30-гадовага юбілею ансамбля мы запісалі тры дыскі песень, зараз працуем над чацвёртым. У першы дыск увайшлі калядныя песні, у другі – народныя, у трэці, прысвечаны памяці былога кіраўніка ансамбля Станіслава Янушкевіча, так званыя “пясэнкі, разам спяваныя”. У чацвёрты дыск увойдуць песні ваенна-патрыятычнай тэматыкі, працу над ім мы завершым восенню. 

– Наш ансамбль цесна супрацоўнічае з таварыствам польскай культуры на Лідчыне, – гаворыць далей Ганна Комінч. – Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву мы маем вельмі добрыя камплекты народных касцюмаў і апаратуры для выступленняў. “Крэсавяцы” – пастаянныя ўдзельнікі фестываляў нацыянальных культур у Беларусі, выступаюць не толькі на беларускіх, але і на польскіх, літоўскіх канцэртных пляцоўках. Слухаючы нашы выступленні, гледачы здзіўляюцца, як хор, у якім няма і дзесяці чалавек, можа спяваць так, быццам бы ў ім па меншай меры чалавек дваццаць. У Польшчы нас часта пытаюць: “А дзе ўсе астатнія з вашых “Крэсавяцаў”? Вас так мала – і вы так разлівіста, гучна спяваеце!” А старшыня журы аднаго з конкурсаў харавых калектываў нам сказаў: “Закрыю вочы – здаецца, пяе вялізны хор. Адкрыю – бачу ўсяго каля дзясятка чалавек”. Спяваць як вялізны хор пры невялікай колькасці выступаючых – феномен нашага ансамбля. У 2015 годзе наш песенны калектыў упершыню выступіў у Расіі, а менавіта – у Санкт-Пецярбургу, у Доме акцёра. У горад на Няве мы ездзілі па запрашэнні Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Санкт-Пецярбургу. Асаблівае пачуццё ахоплівала, калі выступалі на той жа сцэне, з якой некалі чытаў свае вершы Сяргей Ясенін, спяваў свае песні пад гітару Уладзімір Высоцкі.

«Будзем спяваць і далей, нягледзячы ні на што»

Сёлета, у свой юбілейны год, “Крэсавяцы” планавалі даць грандыёзны канцэрт у Лідзе, запрасіць на яго гасцей з Беларусі, Польшчы, Літвы. Але гэтыя планы, як і планы іншых творчых калектываў, перакрэсліла пандэмія каранавіруса. Калі б канцэрт адбыўся, у зале, упэўнена Ганна Антонаўна, быў бы аншлаг: у ансамбля вельмі многа фанатаў у Лідзе. Але ў эпідэміялагічнай сітуацыі, якая на той час склалася, аб поўнай зале не магло быць і гаворкі. Таму аб планах Ганна Комінч гаварыць не хоча. Адзінае, у чым можа запэўніць: “Крэсавяцы” будуць спяваць і далей, нягледзячы ні на што. Зараз удзельнікі песеннага калектыву спяваюць у асноўным у касцёле Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, што на Слабадзе, дзякуюць Богу за тое, што ніхто з іх не хварэе. Запрашалі “Крэсавяцаў” сёлета і ў іншыя парафіі – у Тракелі, у Іўе, – і яны там таксама спявалі духоўныя песні. А яшчэ ў гэтым годзе, у рамках Года малой радзімы, калектыў выступіў з канцэртамі ў асобных вёсках Лідчыны. Гледачоў было няшмат, але артысты бачылі, як свяціліся іх вочы, як яны былі рады “Крэсавяцам”, як любяць вяскоўцы “крэсовыя” (і не толькі) песні.

– Што датычыцца нашых асноўных дасягненняў і ўзнагарод за трыццаць год, – гаворыць у завяршэнне нашай гутаркі Ганна Антонаўна, – адзначу, што званне “народны” наш калектыў носіць з 2002 года. Мае ён таксама званне “заслужаны для культуры польскай”, што пацвярджае адпаведны медаль ад Міністэрства культуры Рэспублікі Польшча (2005). У скарбонцы нашых узнагарод – мноства дыпломаў і грамат. Найкаштоўнейшай жа ўзнагародай для сябе калектыў і па сённяшні дзень лічыць ліст-благаславенне як знак прызнання творчасці ансамбля ад Папы Рымскага Іаана Паўла ІІ (як вядома, кананізаванага ў святыя), які колішні кіраўнік рымска-каталіцкай царквы прыслаў пасля таго, як асабіста праслухаў дыск з песнямі ансамбля з Ліды. Як жа гэты дыск трапіў у Рым? Аднойчы мы спявалі ў касцёле ў Кракаве, а там, аказалася, служыў сябар Іаана Паўла ІІ – ксёндз Мечыслаў Малінскі. Мы падарылі яму на памяць аб выступленні наш дыск, ён і завёз гэты дыск у Рым. Такім чынам, нашы песні, нашы галасы гучалі і ў Ватыкане, іх слухаў сам Папа Рымскі і па заслугах ацаніў, што для нас вялікі гонар.

Па матэрыялах сайта газеты Гродзенская праўда