«Гудскi гармонік» на Свяце Мора ў Клайпедзе

Для народнага ансамбля народнай музыкі «Гудскi гармонік» за апошніягады літоўская Клайпеда стала адным з самых знаёмых і любімых гарадоў, у якіх даводзіцца бываць падчас розных мерапрыемстваў і фестываляў. Размешчанасць на беразе Балтыйскага мора, унікальная архітэктура, якая стала вынiкам доўгага знаходжання Клайпеды ў мінулым у складзе Германіі, цікавая і адрозная ад іншых літоўскіх гарадоў гісторыя заўсёды прыцягвалі ўдзельнікаў калектыву пры магчымасці паехаць туды. Нельга не адзначыць і тое, што ў гэтым дзіўным горадзе з’явілася шмат сяброў сярод членаў беларускай суполкі «Крыніца», дзякуючы якой, а таксама яе старшыні Мікалаю Логвіну, і сталі магчымымі такія штогадовыя візіты. І калі ў апошні час калектыў з Ліды з задавальненнем наведваў святы літоўскага Купалля ў канцы чэрвеня, то ў гэты раз пашчасціла трапіць на грандыёзнае мерапрыемства не толькі для Клайпеды, але і для ўсёй Літвы — Свята Мора.

Менавіта размешчанасць на Балтыцы, багатыя марскія традыцыі ў гісторыі горада зрабілі Клайпеду сталіцай такога фестывалю. Убачыўшы гэта дзейства на свае вочы, напэўна, можна сказаць, што горад жыве ад фестывалю да фестывалю, а гаворачы сучаснай мовай, смела можна сцвярджаць, што Свята Мора для Клайпеды такi ж брэнд, як для нашай Ліды фестываль Lidbeer.

У 2019 годзе марское свята стала юбілейным і прайшло ў 60-ы раз. Асноўныя мерапрыемствы стартавалі апоўдні пятніцы 26 ліпеня і былі насычаны для жыхароў і гасцей горада рознымі забавамi: кірмашы майстроў народнай творчасці, тэатральныя пастаноўкі, наведванне Літоўскага марскога музея і дэльфінарыя, велізарныя фудкорты з разнастайнымі стравамі літоўскай нацыянальнай кухні, выступы шматлікіх вулічных артыстаў у розных жанрах, спартыўныя спаборніцтвы, жывая экспазіцыя традыцыйных і гістарычных судоў, якiя прышвартавалiся ля набярэжнай ракі Данге. У акваторыі порта можна было ўбачыць парусныя караблі, якія ў гэты раз прыбылі з чатырох краін: Германіі, Польшчы, Расіі і далёкай Калумбіі. Маракі вялізнага калумбійскага парусніка Gloria шчыра здзівілі гледачоў, пры ўваходзе карабля ў вароты гавані размясціўшыся на велічэзнай вышыні на рэях мачтаў і выконваючы калумбійскія нацыянальныя песні.

Галоўнай падзеяй першага афіцыйнага дня Свята Мора стала вячэрняе урачыстае шэсце, у якім па словах арганізатараў прыняло ўдзел больш за 8000 удзельнікаў. Гледачы на ​​працягу ўсяго маршруту працягласцю 4 кіламетры горача і весела віталі маракоў, ветэранаў ваенна-марскога флоту, выпускнікоў Літоўскай марской акадэміі, членаў экіпажаў караблёў, а таксама прадстаўнікоў розных арганізацый і прадпрыемстваў Клайпеды. Вялізныя грузавікі, упрыгожаныя і стылізаваныя пад караблі і марскіх пачвар, мудрагелістыя карнавальныя касцюмы, надзіманыя фігуры казачных персанажаў, амаль сапраўдная марская пена на вуліцах, завадная музыка не маглі нікога пакінуць абыякавым да таго, што адбываецца.

Ансамбль народнай музыкі «Гудскi гармонік» быў удастоены гонару прадставіць нашу краіну ў гэтым галоўным шэсці свята. У яркіх нацыянальных касцюмах з дзяржаўным сцягам Беларусі ўдзельнікі калектыву былі цёпла сустрэтыя вітальнымі воклічамі і апладысментамі на ўсёй дыстанцыі. Завяршылася ж шэсце ў тэрмінале круізных судоў, дзе прайшло ўрачыстае адкрыццё і ўзняцце сцяга фестывалю.

Другі дзень Свята Мора ніколькі не зменшыў абароты і быў таксама насычаны на мерапрыемствы на любы густ. Добрае летняе надвор’е, шматлікія выставы, кірмашы, канцэрты, горы ежы і бясплатны грамадскі транспарт літаральна пазапаўнялі цэнтральныя вуліцы горада наведвальнікамі, размаўляючых на розных мовах свету. Як духоўныя, так і матэрыяльныя патрэбы людзей былі спаўна задаволены артыстамі і разнастайнымі таварамі на гандлёвых радах.

Па запрашэнні Клайпедскага клуба ўкраінскай традыцыйнай культуры «Просвiт» ансамбль народнай музыкі «Гудскi гармонік» ў якасці гасцей прыняў удзел у I міжнародным фальклорным фестывалі «Масты мастацтваў». Канцэрт з удзелам харавых, танцавальных калектываў, сольных выканаўцаў з Украіны, Літвы і Беларусі адбыўся на адкрытай пляцоўцы каля помніка «Арка Яднання Літвы». Ансамбль з Ліды падчас свайго выступу прадставіў найбольш вядомыя беларускія народныя песні са свайго рэпертуару і атрымаў заслужаныя авацыі прысутных гледачоў. Таксама наш родны горад прадставіла салістка і кіраўнік вакальнага ансамбля «Смерiчка» Лідскай раённай арганізацыі ўкраiнцаў «Трембта» Вольга Пчыцкая, якая выканала ўкраінскія народныя песні.

Удзельнікі ансамбля «Гудскi гармонік» таксама праявілі сябе ў новым фармаце своеасаблівага вулічнага мастацтва, выступіўшы з канцэртнай праграмай у цэнтральным скверы на набярэжнай ракі Данге. Жадаючых паслухаць жывую беларускую музыку, станцаваць беларускую полечку сабралася дастаткова шмат. Па заканчэнні простыя людзi падыходзілі са словамі падзякі за дастаўленыя прыемныя ўражанні і пытаннем, дзе можна яшчэ раз пачуць выступленнi калектыву з Беларусі.

Пасля такіх шчырых момантаў, усмешак і апладысментаў гледачоў жаданне тварыць, ствараць, радаваць толькі ўзмацняецца. Усё гэта, як і станоўчыя эмоцыі ва ўсіх удзельнікаў ансамбля ад паездкi i фестываля ў цэлым прымушаюць з нецярпеннем чакаць чарговага запрашэння прыехаць магчыма ўжо на наступнае Свята Мора ў Клайпедзе!!!

 

Аўтар:  Дзмiтрый Пухнарэвiч, удзельнік калектыва