Каля 100 работ, спантанныя сюжэты і мастацкія эксперыменты. Выстаўка “Фарбы роднай старонкі” адкрылася ў Гродне

У выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адкрылася выстаўка работ мастакоў-інсітнікаў Гродзеншчыны. Дзіўнай чысціні вобразы, спантанныя сюжэты, неардынарныя кампазіцыйныя рашэнні – усё гэта пра экспазіцыю “Фарбы роднай старонкі”. На выстаўцы прадстаўлена каля 100 незвычайных палотнаў: на дзіва “жывыя” пейзажы і нацюрморты, каларытныя замалёўкі вясковага побыту, мастацкія эксперыменты з керамікай і шоўкам. Здаецца, што колеры для сваіх работ мастакі ўзялі з квецені палеткаў, нябеснага блакіту, вясёлкавага настрою – і, вядома, з бясконцай палітры шчырай творчай душы…

Своеасаблівым “ахоўнікам” выстаўкі абраны прыгожы “Кот у яблыневым садзе”, вобраз якога ўвасобіла алейнымі фарбамі Валянціна Шышпаронак з Бераставіцы. Таленавітая мастачка на працягу многіх гадоў працавала ў сферы будаўніцтва. Дарэчы, усе ўдзельнікі выстаўкі за сваё жыццё адолелі не адну жыццёвую вяршыню. Так, мастакі з народнага аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці і мастакоў “Гарадзенскі каларыт” Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры Лідзія Шпектарава і Ганна Чуканава доўгі час працавалі на Гродзенскай абутковай фабрыцы, Зоя Сярко – на вытворчым аб’яднанні “Азот”, Данута Цыбулька-Цвятніцкая – у гандлі, Сяргей Еўдакімаў – на розных прадпрыемствах горада ў якасці мастака-афарміцеля. Ларыса Касіцкая сёння працуе кіраўніком дзіцячага гуртка выяўленчага мастацтва ў Азёрскім цэнтры культуры Гродзенскага раёна.

Алена Піразева з Навагрудка сваё захапленне мастацтвам нясе праз усё жыццё. Захапляецца і маляваннем, і інкрустацыяй бяростай, і мастацкім роспісам, і вышыўкай, з’яўляецца актыўным удзельнікам народнага клуба майстроў “Каляровая альтанка” г. Навагрудка.

Анатоль Кардаш з г.п. Наваельня Дзятлаўскага раёна – лепшы доказ таго, што таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім! Па прафесіі ён юрыст, з 1989 года займаецца жывапісам. Яго пейзажы Дзятлаўшчыны – гэта сапраўдная крыніца мараў для кожнага вандроўніка і аматара адпачынку на ўлонні прыроды! Сваімі рукамі А. Кардаш змайстраваў нажное ганчарнае кола і горн, займаецца вырабам глінянага посуду. Дзякуючы яму ў Наваельнянскім Доме культуры дзейнічае аматарскае аб’яднанне “Эпатажный блюз” для прыхільнікаў танцавальнай культуры. Анатоль не збіраецца спыняцца ў рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу і новых крэатыўных ідэй.

Адкрыццё выстаўкі “Фарбы роднай старонкі”, па прызнанні мастакоў-удзельнікаў, стала для іх маленькім святам, новай прыступкай у творчасці, чарговым подыхам натхнення, дзякуючы якому хочацца кожны дзень браць у рукі пэндзаль і акунацца ў любімую справу. Нягледзячы на паважаны ўзрост мастакі яшчэ адчуваюць крылы за плячыма, якія абавязкова дапамогуць ім як на творчым, так і на жыццёвым шляху.