Куды б мяне ні прывяла дарога, я ўспамінаю Радзіму сваю… У г. п. Юрацішкі Іўеўскага раёна прайшло брэндавае свята «У госці да Юраты»

У Юрацішках прайшоў традыцыйны фэст, рэгіянальнае свята “У госці да Юраты”. Сёлета ён прысвечаны Году народнага адзінства. І пагаварыць вырашылі пра такія адметныя цудоўныя якасці нашага народа, як гасціннасць, уменне чалавека прывеціць, пачаставаць з дарогі, пасадзіць на покуце, як шаноўнага і дарагога госця.

А распачалі свята, а потым і вялі яго легендарныя Юрата і Кастусь. Калі не ведаеце, гэта імёны з паданняў аб паходжанні Юрацішак. Багіня  мора прыгажуня Юрата і просты селянін Кастусь, каханне якіх выклікала гнеў багоў. У сваю чаргу яны асушылі мора ў гэтым месцы, разбурылі цудоўны палац Юраты, а каханыя загінулі. І вось.  Бач ты, мора тут няма, возера таксама, нават рачулкі якой-ніякой. Аднак назва балтскага паходжання. “Юра” у перакладзе з літоўскага – мора. Таму і Юрацішкі перакладаюцца, як Марское. Дык вось, у Марскім свята. Яго распачаў старшыня сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Кірылавіч Казановіч. А абрамлялі прыгожа і таленавіта артысты  мясцовыя і самыя таленавітыя асобы з культурных устаноў суседніх аграгарадкоў. Старшыня сельвыканкама павіншаваў прысутных са святам, выказаў задавальненне і радасць ал таго, што яно адбываецца, падзякаваў людзей пасёлка і рэгіёну за добрасумленную працу. А затым традыцыйна ўзнагароды атрымалі лепшыя прадстаўнікі  арганізацый і устаноў, тыя, хто не толькі добра працуе, але і прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гарадскога пасёлка. На такіх святах добрыя словы і цудоўныя песні знаходзяцца для кожнага. Вось і Юрата з Кастусём успомнілі і самых  пажылых жыхароў пасёлка, і самых маленькіх, якія  нарадзіліся ў гэтым годзе. А паколькі гутарка ішла пра гасціннасць, то быў і адпаведны конкурс на лепшую гаспадыню, у якім прынялі ўдзел маладыя жанчыны з аграгарадкоў Лаздуны, Геранёны, Ліпнішкі, Суботнікі, Юрацішкі.  Зрабіць свята яшчэ прыгажэйшым, яшчэ гучнейшым дапамагаюць салісты Юрацішкаўскага аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы і артысты народных ансамблей народнай песні  “Спадчына” і “Юрацішкаўскі кірмаш”.  Працуюць дзіцячыя гульнёвыя атракцыёны, гандлёвыя рады, выставы-продажы работ народных майстроў.

Читать полностью: https://ivyenews.by/novosti/obshchestvo/10527-kudy-b-myane-ni-pryvyala-daroga-ya-spaminayu-radzimu-svayu-u-g-p-yuratsishki-prakhodzits-brendavae-svyata-u-gostsi-da-yuraty.html

В. ГУЛІДАВА. Фота аўтара.

Читать полностью: https://ivyenews.by/novosti/obshchestvo/10527-kudy-b-myane-ni-pryvyala-daroga-ya-spaminayu-radzimu-svayu-u-g-p-yuratsishki-prakhodzits-brendavae-svyata-u-gostsi-da-yuraty.html