Куток народнага побыту адчыніўся ў аг. Сінькі Смаргонскага раёна

Прэзентацыя экспазіцыі старажытных аўтэнтычных рэчаў сялянскага побыту адбылася ў Доме культуры аг. Сінькі.

Перад тым, як пераступіць парог адноўленага кутка сялянскага побыту, удзельніцы фальклорнага гурта Сінькоўскага ДК заспявалі мясцовую песню і запрасілі ўсіх прысутных у карагод. А затым мастацкі кіраўнік Святлана Бабенка прапанавала цікавы экскурс па экспазіцыі, які быў багата аздоблены мясцовымі спевамі, прымаўкамі і байкамі.

На экспазіцыі прадстаўлены прадметы хатняга ўжытку сялян мінулага і пазамінулага стагоддзяў, якія захоўваліся ў мясцовых жахароў. Зараз яны сталі экспанатамі музейнага кутка. Сваімі сямейнымі рарытэтамі падзяліліся Марыя Шафрановіч з Сівіцы, Фёдар Якубель з Загор’я, Соф’я Счасная і Зоя Варпаховіч з Сінькоў. Посцілкі, ручнікі, вопратка, абутак – усё раней рабілася ўручную з матэрыялаў натуральных, вырабленых працавітымі сялянскімі рукамі.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Ражэва выказала некаторыя парады арганізатарам і пажадала, каб экспазіцыя была запатрабаванай ды стала сапраўдным асветніцка-адукацыйным цэнтрам для моладзі і ўсіх аматараў даўніны.

Напрыканцы імпрэзы гасцей пачаставалі мясцовай стравай – шальбабонамі з груцай, сырам і блінамі.

З матэрыялаў газеты «Светлы шлях»: Ала Клемянок.

Фота аўтара.