Лавілі рыбу, спаборнічалі на спартыўных пляцоўках, падтрымлівалі землякоў: у Гезгалах прайшло Свята рыбака

22 ліпеня на беразе возера ў Гезгалах Дзятлаўскага раёна адбылося Свята рыбака. Яно ладзілася ў рамках раённага праекта «Дбайных гаспадароў славім — весела час бавім». Рыбаловы закідвалі свае вуды і чакалі… Хто — залатую рыбку, а камусьці важна было, каб клюнула хоць якая-небудзь. У той жа час на святочнай сцэне ладзіліся танцы, спяваліся песні — усё было звязана, канешне, з «рыбнай» тэмай.

Павіншаваў са святам прысутных старшыня Жукоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта Валерый Верамейчык. Ён адзначыў, што Свята рыбака ў Дзятраўскім раёне праходзіць ужо трэці раз, і заўсёды прыемна бачыць, што землякі прымаюць у ім актыўны ўдзел.  Валерый Верамейчык пажадаў рыбакам «ні хваста, ні лускі», што на рыбацкай мове азначае  – удачы.

Пакуль рыбаловы хаваліся з вудамі ў ціхіх месцах, арганізатары свята запрасілі работнікаў раённых арганізацый да ўдзелу ў вясёлай спартыўнай эстафеце.

Спаборніцтвы праходзілі ў займальнай і напружанай барацьбе. Удзельнікі лавілі кардонную рыбу, «мяшалі юшку», закідвалі мячы.

Рыбалка — гэта азарт, падстава ганарыцца сабой, калі ўлоў выдаецца добрым. Дарэчы, рыбачылі сёлета і жанчыны. Так, Святлана Раманоўская злавіла 30 грамаў рыбы і атрымала за гэта трэцяе месца. Удача паспрыяла і Арцёму Лукашыку, які прынёс здабычу вагой 225 грамаў. Лідарам сярод рыбаловаў-сапернікаў стаў Аляксей Кастусік, які паспеў злавіць 590 грамаў рыбы. Магчыма, пераможца адправіўся «разбірацца» са сваім уловам, таму дыплом і падарунак арганізатары перадалі жонцы Аляксея.

Не забыліся і пра самага маленькага ўдзельніка спаборніцтваў Мікіту Раманоўскага. Хлопчык рыбачыў з 5 гадзін раніцы і вельмі жадаў перамагчы. Яго мэтанакіраванасць падтрымалі арганізатары конкурсу, уручылі памятны падарунак і пажадалі поспехаў у рыбацкім сезоне.

На працягу свята для гасцей выступалі артысты Дзятлаўшчыны. Малеча забаўлялася на атракцыёнах, не змяншалася колькасць людзей каля гандлёвых палатак з салодкай ватай, папкорнам і цацкамі.

Таксама на невялікай спартыўнай пляцоўцы валейбалісты-аматары паказвалі майстар-клас па валейболе.

Напрыканцы вясёлага мерапрыемства падвялі вынікі спартыўнай эстафеты.
Перамагчы атрымалася тым, хто быў больш спрытным, хуткім, смелым і ўмелым. Так, першае месца заняла каманда сельгаспрадпрыемства «Вензавец», другое –  у Дзятлаўскіх  камунальнікаў, тройку пераможцаў замкнула дружына  з  Жукоўшчыны . Усе пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі ад арганізатараў. Прыз за чацвёртае месца дастаўся камандзе Дзятлаўскай раеннай бальніцы.
Цёплае летняе надвор’е і добры настрой прысутных спрыялі ўдаламу адпачынку.
diatlovonews.by