Маёнтак Дамбавецкага ў аг. Бердаўка Лідскага раёна шчыра сустрэў гасцей свята

У цёплы сонечны дзень, 4 жніўня, маёнтак Дамбавецкага сабраў на брэндавым свяце ўсіх жыхароў аграгарадка Бердаўка і яго гасцей – тых, хто любіць сваю малую радзіму, захоўвае яе гістарычную спадчыну і цікавіцца яе будучым.

Напачатку свята гледачоў вітаў народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў “Мы з вёскі-калыскі”, які прадставіў інтэрактыўную экскурсійна-пазнавальную праграму ў музеі сям’і “Падарожжа ў сямейны дабрабыт”. Цікавым атрымаўся і агляд музейных экспазіцый: “Творчая лабараторыя народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў” і “Вяселле – пачатак сямейнага жыцця”, дзе ўдзельнікамі аматарскага аб’яднання “Ойра” Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра быў прадстаўлены вясельны абрад “Надзяванне вэлюму”.

Даспадобы прыйшоўся гасцям свята паркавы шпацыр “Спадчына Дамбавецкага” з аглядам рэдкіх парод дрэў. У прыгожым пейзажным парку наведвальнікі ўбачылі блакітныя елкі, лістоўніцы еўрапейскія, піхты і іншыя дрэвы, пасаджаныя ў свой час самым спадаром Дамбавецкім.

У рамках свята была арганізавана выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Рамеснае сузор’е”. У шырокім выставачным асартыменце свае вырабы прадставілі таленавітыя майстры Бердаўскага сельсавета. Дзівілі позірк цудоўныя вырабы з саломы, тканіны і дрэва, а таксама выцінанка, шыццё і ткацтва. Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Бедаўка падрыхтавала тэматычную выстаўку літаратурных твораў пра Бердаўку, яе гісторыю і жыхароў.

Меў месца на свяце і цудоўны момант! Па запрашэнні гаспадыні свята – ахмістрыні маёнтка, праз вякі і час стагоддзяў завітаў у свой палац спадар Дамбавецкі! На ўпрыгожанай павозцы ён прыехаў на свята, каб павітаць землякоў, пачаставаць усіх смачнай фамільнай “дамбавецкай юшкай” і аладкамі ад сваёй кухаркі Адэліны, разам паспяваць песні, патанчыць, пасмяяцца, пагуляць і наогул, убачыць, як бердаўчане карыстаюцца той спадчынай, якую ён пакінуў сваім нашчадкам.

На свяце было шмат вясёлых гульняў, танцаў і песень. Падчас правядзення сюжэтна-забаўляльнага прадстаўлення “Кола часу” гледачы гулялі ў гарадкі, “пяклі” бліны, спрытна “даілі” кароў, танцавалі разам з панам Дамбавецкім старадаўнія танцы: кракавяк, падыспань, польку-бабачку, вясковы вальс і іншыя.

У канцэртнай праграме “Таленты зямлі Бердаўскай” гледачоў парадавалі выдатным выкананнем  бердаўчане – Сяргей Баранаў, Наталля Новікава, народны сямейны ансамбль Парфёнчыкаў “Мы з вёскі-калыскі”.

Як сведчыць гістарычны летапіс, А. Дамбавецкі любіў наладжваць у маёнтку тэатральныя, паэтычныя і гумарыстычныя вечарыны. Падтрымліваючы традыцыі культурных падзей гістарычнай сядзібы, арганізатары свята  правялі фестываль гумару “Пацешкі ды ўсмешкі – даўгалецця сцежкі”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі аматарскай творчасці з Беліцкага, Крупаўскага, Тарноўскага, Першамайскага Дамоў культуры, Бердаўскага і Мінойтаўскага культурна-дасугавых цэнтраў, а таксама госці свята – удзельнікі аматарскага аб’яднання “Активное долголетие” Лідскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Пераможцам фестывалю, па выніках глядацкіх сімпатый,   вызначыўся гумарыстычны дуэт Акуліны і Агрыпіны Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра. Пад авацыі прысутных ва ўрачыстых абставінах ім быў уручаны галоўны прыз – дыплом і мяшок зерня новага ўраджаю ад КСУП “Бердаўка-Агра”!

Падарункам для ўсіх стала канцэтна-забаўляльная праграма салістаў эстраднага калектыву рэтра-песні “Мерыдыян” Палаца культура г.Ліды. Прадоўжыў святочную праграму танцавальны вечар адпачынку “Танцуем усе!”

Напрыканцы спадар Дабавецкі выказвў словы падзякі бердаўчанам за цудоўнае свята, што зберагалі маёнтак, пакінуты ім у спадчыну. Пажадаў, каб Бердаўка квітнела, а яе жыхары былі заўсёды шчаслівыя на сваёй роднай зямлі!

Удзельнікам і гасцям свята прыйшлося даспадобы і пакінула самыя лепшыя і незабыўныя ўражанні. Работнікі Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра на чале з вядучымі метадыстамі ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” з адданасцю рыхтавалі свята, якое прайшло на высокім мастацкім узроўні. За падрыхтоўку мерапрыемства калектыў узнагароджаны Падзячным лістом дырэктара ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

Падводзячы вынікі свята, неабходна сказаць, што нас усіх аб’ядноўвае любоў да роднай зямлі, дзе ўсе мы блізкія людзі, а сугучча стагоддзяў дапамагае нам памятаць пра тое, што засталося ў спадчыну ад нашых продкаў!