Маёнтак Дамбавецкага ў Бердаўцы Лідскага раёна запрасіў на вясельны перапалох!

Маёнтак Дамбавецкага, што на Лідчыне, 19 верасня сабраў на брэндавым свяце ўсіх жыхароў аграгарадка Бердаўка і яго гасцей. Сёлета арганізатары вырашылі прысвяціць мерапрыемства тэме сям’і, любові і вернасці. І гэта невыпадкова! Бо Аляксандр Дамбавецкі, былы ўладальнік сядзібы, вельмі шанаваў сямейныя традыцыі, меў жонку і ажно чацвёра дзяцей. І сёння ў былым палацы працягваюць услаўляць сям’ю і сямейныя каштоўнасці…

У Бердаўцы і за яе межамі кожны ведае сапраўдную жамчужыну Лідскага раёна – народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў «Мы з вёскі-калыскі». Ушаноўваюць і берагуць сямейныя традыцыі і ў музеі сям’і, які працуе пры ўстанове культуры.

Гаспадары доўгачаканага свята – Аляксандр Дамбавецкі з жонкай Марыяй – напоўнілі гэты дзень атмасфернасцю і незвычайнай энергетыкай. Адным з цікавых момантаў стала ўшанаванне сямейных пар, якія адзначылі вясельныя гадавіны. На святочнай сцэне віншавалі сямейныя пары, якія адзначылі 10, 20, 30 год шлюбу і нават залатое вяселле – 50 год сумеснага жыцця! Кранальным атрымаўся вясельны абрад “Надзяванне вэлюму”, прадстаўлены ўдзельнікамі аматарскага аб’яднання “Ойра” Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра.

Кульмінацыяй свята стала беласнежнае, лёгкае, вытанчанае і незабыўнае дэфіле дзяўчын у вясельных сукенках XX-XXI стагоддзяў. Ніводнае вяселле не абыходзілася без вясёлых і гарэзлівых танцаў. Па гэтай прычыне аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры правёў майстар-клас па побытавых танцах, падчас якога госці свята з задавальненнем выконвалі польку, кракавяк, ойру…

Упрыгожыла цудоўны дзень выступленне народнага ансамбля бытавых інструментаў “Каханачка” Мажэйкаўскага Дома культуры, саліста Лідскага эстраднага аркестра Адрэя Панісава, саксафаніста Мікалая Барсукова з Дзітвянскага Дома культуры. Выстаўка-кірмаш рамеснікаў “Фарбы роднага краю” дзівіла талентамі майстроў, дызайнам і матэрыялам  вырабаў . Тэматычныя майстар-класы па вырабе вясельных вянкоў і лялек-неразлучніц прадставілі майстры Лідскага аддзела рамёстваў Ірына Дыдышка і Дар’я Юрчык. Ласавальня з духмянымі напоямі ад Ваверскага Дома культуры ўсіх частавала духмянай зёлкавай гарбатай.

Дарэчы, Аляксандр Дамбавецкі пабудаваў калісьці ў Магілёве тэатр, а ў Бердаўку  прывозіў артыстаў на святы. Таму на мерапыемства запрасілі ў госці тых, хто сябруе з гумарам, усмешкамі ды пацешкамі. Фестываль гумару “Пацешкі ды ўсмешкі – даўгалецця сцежкі!” стаў заключнай часткай свята, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі аматарскай творчасці з Ганчарскага, Ваверскага Дамоў культуры, Бердаўскага і Мінойтаўскага культурна-дасугавых цэнтраў, аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Па выніках глядацкіх сімпатый перамагла гумарыстычная замалёўка народнага тэатра “Бераг” Мінойтаўскага КДЦ “Як баба мужа прадала”.  Галоўны прыз – дыплом і мяшок зерня новага ўраджаю ад КСУП “Бердаўка-Агра”!