Маёнтак Дамбавецкага ў Бердаўцы сабраў гасцей на брэндавым свяце

Маёнтак Дамбавецкага ў Бердаўцы сабраў гасцей на брэндавым свяце. 

3-га жніўня маёнтак Дамбавецкага сабраў на брэндавым свяце ўсіх жыхароў аграгарадка Бердаўка і яго гасцей.

Свята было па-сапраўднаму гістарычным – вядучыя расказалі, колькі цікавых легенд і таямнічых гісторый існуе ў беларускіх палацаў, а таксама і ў мясцовага маёнтка Аляксандра Дамбавецкага. І не толькі расказалі… Цуд на зямлі мае месца – сама паненка Дамбавецкая, прывід якой з’яўляўся ў прысядзібным парку, завітала на свята! Ды не проста так, а каб правесці сучасным дзяўчынам урокі этыкету.

У гэты вечар гледачы цалкам акунуліся ў гісторыю, бо ўдалося нават пакаштаваць стравы і напоі, якія любіў сам Аляксандр Дамбавецкі! Яго асабістая кухарака Адэля правяла для гасцей дэгустацыю блюдаў з сямян ільна, частавала блінамі ды аладкамі, пірагамі ды юшкай, прапанавала паспрабаваць «Ерофеича», «Спатыкач» і «Рабінаўку»!

Важнай крыніцай даходаў маёнтка Дамбавецкага было льнаводства. Таму на свяце было прадстаўлена “Ільняное дэфіле”.

У рамках свята была арганізавана выстаўка вырабаў рамеснікаў “Фарбы роднага краю”. Свае вырабы прадставілі таленавітыя майстры Бердаўкі.

Ласавальня з духмянымі напоямі частавала гарбатай самага рознага гатунку.

Інтэрактыўнае гістарычнае фотаатэлье  “Повязь часоў” запрашала зрабіць стылізаваныя здымкі на ўлонні прысядзібнага парку.

На свяце было шмат вясёлых гульняў, танцаў і песень. Арганізатары свята  правялі фестываль гумару “Пацешкі ды ўсмешкі – даўгалецця сцежкі”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі аматарскай творчасці з Беліцкага, Ганчарскага, Дварышчанскага, Пескаўскага, Мажэйкаўскага, Крупаўскага Дамоў культуры, Бердаўскага і Мінойтаўскага культурна-дасугавых цэнтраў.

Пераможцам фестывалю, па выніках глядацкіх сімпатый,   вызначылася гумарыстычная замалёўка Ганчарскага Дома культуры. Ім быў уручаны галоўны прыз – дыплом і мяшок зерня новага ўраджаю ад КСУП “Бердаўка-Агра”!

Падарункам для ўсіх стала выступленне знакамітага на ўвесь свет народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік”.