“Мой любы горад”. Персанальная выстаўка мастака, майстра па ткацтве Алены Шунейка

Выстаўка “Мой любы горад” – своеасаблівая справаздача аб дзейнасці і творчых дасягненнях мастака, майстра па ткацтве Алены Феліксаўны Шунейка, якая сёлета адзначыла свой юбілей. Выстаўка прысвечана 80-годдзю ўтварэння Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, у якім Алена Шунейка амаль 40 гадоў працуе метадыстам і стварае сапраўдныя рукатворныя.

Экспазіцыя налічвае каля 50 аўтарскіх работ, сярод якіх – габелены і міні- габелены з выявамі помнікаў архітэктуры горада Гродна, дэкаратыўныя пано з архаічнымі кампазіцыямі, эскізы вытканых габеленаў, а таксама жывапісныя карціны. Несумненным упрыгожваннем выстаўкі з’яўляюцца творы з калекцыі Юліі Барадзіной – пераемніцы творчасці Алены Феліксаўны.

Габеленавае мастацтва Алены Шунейка заснавана на рэгіянальных традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва Гродзеншчыны. Яна творча пераасэнсоўвае мясцовую ткацкую тэхналогію і стварае арыгінальныя кампазіцыі з гарадскімі пейзажамі, рэлігійнымі, гістарычнымі сюжэтамі, у якіх гарманічна спалучаюцца традыцыйныя першаўзоры з унікальным аўтарскім падыходам. На вялікіх кроснах з вертыкальнай асновай майстрыха выконвае адразу да 5 мастацкіх работ.

Лёгкасцю ўспрымання і рамантызмам пачуццяў прыцягваюць увагу акварэлі Алены Феліксаўны. Шматколерныя замалёўкі, створаныя падчас творчых вандровак па ваколіцах Гродна, кветкавыя кампазіцыі, цудоўныя пейзажы – у кожным палатне адлюстравана бязмежная любоў да жыцця і пазітыўнае светаўспрыманне мастачкі.

Вельмі значным дасягненнем у культуры Гродзеншчыны стала ўнясенне ў 2016 годзе элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці “Творчасць майстра па вырабе габеленаў у традыцыях “падвойнага і пераборнага аднабаковага” ткацтва Алены Шунейка” ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У 2020 годзе Алена Феліксаўна стала лаўрэатам Прэміі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў сферы культуры і мастацтва ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.

ЧАС ПРАЦЫ ВЫСТАВАЧНАЙ ЗАЛЫ: 9:00-17:00, абед: 13:00-14:00

Выхадны:субота, нядзеля.

Кошт наведвання выстаўкі:

школьнікі – 1, 00 руб.

навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і студэнты ВНУ – 1,50 руб.

інш. катэгорыя наведвальнікаў – 2 руб. для катэгорыі “сацыяльныя наведвальнікі” уваход бясплатны

экскурсійнае абслугоўванне (45 хв.) – 4 руб.