Музычна-паэтычная вечарына “З мовай мы народ у свеце” ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці

25 лютага ў народным клубе творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбылася музычна- паэтычная вечарына «З мовай мы народ у свеце…», прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.

Ва ўступным слове кіраўнік клуба А. Закрэўскі расказаў аб гісторыі ўзнікнення свята і пажадаў, каб ніколі родная беларуская мова не ператваралася ў зброю, а заўсёды была своеасаблівым музычным інструментам, як у творах знакамітых класікаў: “Дудка беларуская”, “Смык беларускі”, “Скрыпка беларуская”, “Гусляр”, “Сымон-музыка”, “Чароўныя цымбалы”.

У музычнай частцы вечарыны прагучалі дзве песні, напісаныя А. Закрэўскім на вершы Наталлі Арсенневай, і творы нашага зямляка, паэта Лэйбы Найдуса. Уласныя вершы на роднай мове прачыталі гродзенскія паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі: Людміла Антонаўна Кебіч, Людміла Шаўчэнка, Ганна Скаржынская, Анатоль Апанасевіч, Браніслаў Ермашкевіч. Цікавым і яскравым стала выступленне паэта Дзмітрыя Радзівончыка, які прачытаў на польскай мове вершы паэта Аляксандра Наўроцкага, а таксама ўласныя пераклады яго твораў на беларускую мову. Загадчыца Музея М. Багдановіча Алена Іосіфаўна Рапінчук уразіла гледачоў вершам, прысвечаным роднай мове. Вечарыну асабліва ўпрыгожылі дзве песні, напісаныя А. Закрэўскім на словы М. Багдановіча.

Напрыканцы імпрэзы цікавыя думкі аб значэнні і лёсе роднай мовы выказала кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы А.Э. Сабуць. Заключным музычным акордам стала аўтарская песня ў выкананні А.Закрэўскага “Родныя прасторы”. Традыцыйнае пасяджэнне клуба “Грані”, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы, у чарговы раз прайшло ва ўтульнай і цёплай сяброўскай атмасферы.