Музычна-тэатральная сустрэча “Юныя таленты” ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані”

У рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці 11 красавіка адбылася музычна-тэатральная сустрэча “Юныя таленты”.

Гасцямі імпрэзы сталі пачынаючыя гітарысты з дзіцячай музычнай школы мастацтваў №2 г. Гродна (выкладчык Анастасія Сурба) і выхаванцы тэатральнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў №1 імя А. Тызенгаўза (выкладчыкі Галіна Закрэўская і Кацярына Дзятлоўская).

Кіраўнік клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” А. Закрэўскі напачатку сустрэчы выказаў некалькі думак, парад і пажаданняў у адрас юных ваканаўцаў. Першымі выступалі гітарысты. Нягледзячы на іх юны ўзрост і некаторыя тэхнічныя памылкі, дапушчаныя пры выкананні твораў, было відавочна, што ўзыходзячыя зорачкі захоплены інструментам і сур’ёзна ставяцца да класічнай гітары. Прагучалі творы як айчынных, так і замежных гітарных кампазітараў.

Навучэнцы тэатральнага аддзялення, якія неаднаразова станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі гарадскіх конкурсаў у намінацыі “мастацкае чытанне”, уразілі гледачоў неверагодным артыстызмам, творчай харызмай і зайздросным уменнем трымацца на сцэне. Надзвычай выразна і ўзрушліва прагучалі: урывак з “Рэквіема” Р. Раждзественскага ў выкананні Кірыла Алейніка, “Дзе мой край” У. Караткевіча ў выкананні Юлі Рутта, “Балада пра маці” В. Кіеўскай у выкананні Кацярыны Кузьміцкай. Руслан Пяцюшына парадаваў узнёслымі радкамі верша “Быць паэтам” С. Грахоўскага, а Арцём Гоман – артыстычным чытаннем верша “Усерасійскае гора” А. Чорнага.

Яскравым фінальным акордам сустрэчы сталі тры цікавыя тэатральна-лялечныя эцюды (“Кукольник”, “Рождественская история” и “Хэппи- энд”), прадстаўленыя Арцёмам Гоманам, Насцяй Бакурэвіч і Юляй Рутта. Паміж эцюдамі выкладчык Галіна Закрэўская выступіла з невялікім, але змястоўным і цікавым расказам аб лялечным мастацтве.

Кіраўнік клуба “Грані” А. Закрэўскі падзякаваў выканаўцам за артыстызм і майстэрства, а выкладчыкам – за плённую працу па эстэтычным выхаванні добрага мастацкага густу юных талентаў. Напрыканцы сустрэчы артыстаў чакаў салодкі пачастунак ад клуба творчай інтэлігенцыі “Грані”.