Музычная сустрэча “Вass set”Осколки” з цыкла “Гітара ад класікі да джаза” ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані”

21 мая ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбылася музычная сустрэча “Вass set”Осколки” з цыкла “Гітара ад класікі да джаза”.

Напачатку імпрэзы кіраўнік клуба Аляксандр Закрэўскі прадставіў увазе гледачоў шлях ператварэння бас-гітары з акампаніруючага ў саліруючы інструмент, а таксама прапанаваў цікавы агляд развіцця выканальніцкага майстэрства ігры на бас-гітары на прыкладзе сусветна вядомых выканаўцаў, такіх як: Жако Пасторыус, Маркус Мілер, Стэнлі Кларк, Віктар Вутэн, Рычард Бона.

Госцем імпрэзы стаў гурт “Трыяда” ў складзе якога: Юрый Венедыктаў – ладавая бас-гітара, бязладавая бас-гітара, Віталь Кудлачоў – гітара, Кірыл Остаў – ладавая бас-гітара, Валерый Новік – барабаны.

Падчас вечарыны прагучалі цікавыя ўласныя версіі для дзвюх бас-гітар вядомых джазавых стандартаў, такіх як «Соmе Тogether», «SoWhat», «Dude Walk», «One Note Samba». Вельмі выразна і на высокім выканальніцкім узроўні прагучалі сольныя творы Жака Пасторыуса «America» i «Birdland» у выкананні маладога і таленавітага бас-гітарыста Кірыла Остава.

Тэхнічныя і арыгінальныя імправізацыі гітарыста Віталя Кудлачова арганічна аздаблялі гучанне твораў. Трэба адзначыць лідара гурта, стваральніка шматлікіх музычных праектаў, выдатнага бас-гітарыста Юрыя Венедыктава, які нязменна радуе гродзенскіх аматараў блюзавай і джазавай музыкі.

Напрыканцы вечарыны адбыўся джэм-сэйшн на традыцыйныя джазавыя стандарты, ў якім маглі паўдзельнічаць усе жадаючыя музыканты, незалежна ад узросту і майстэрства. Пасля джэма гледачы задавалі пытанні гасцям і кіраўніку клуба “Грані”, што адпавядала клубнаму фармату пасяджэння і рабіла атмасферу вечара простай і сяброўскай.