На Свіслаччыне адгрымеў фестываль жывой музыкі “Поразаўскія сустрэчы”

Трыумфальна і феерычна 25 мая ў Поразава з удзелам байкераў з мотааб’яднання RedErrowsі прадстаўнікоў трофі-клуба “Зубры” распачаўся фестываль жывой музыкі “Поразаўскія сустрэчы”. Трэці год у абноўленым старым парку пасёлка Порозава гучыць жывая музыка ў выкананні творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў раёна і гасцей з другіх мясцін. На гэты раз на свята завіталі артысты з Зэльвенскага і Шчучынскага раёнаў – ансамбль народнай песні “Званочкі”, народны ансамбль песні “Васільковая раніца” і ўдзельнікі эстраднай студыі “Ретро”.

У пачатку канцэртнай праграмы цёплымі словамі з нагоды новай сустрэчы ўдзельнікаў і гледачоў павіншаваў старшыня Поразаўскага сельскага Савета Віктар Акудовіч.

Адметным момантам фестывалю стала ўручэнне начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірыне Паўлючэні і  намесніку дырэктара Свіслацкага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлане Дзянісавай поразаўскай банкухі, традыцыя прыгатавання якой прэтэндуе на занясенне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэты кулінарны шэдэўр прыгатавалі і перадалі мясцовыя гаспадыні Ганна Шалкевіч і Алена Козюк.

На працягу свята аматары музыкі маглі паслухаць мілагучныя пералівы гармоні у выкананні Юрыя Прасняка, Генадзя Бутара, Віктара Бараля і Мікалая Пацкевіча. Духавая інструментальная музыка была прадстаўлена дзіцячым ансамблем медных духавых інструментаў Свіслацкай ДШМ “Карабас”. Віртуозным і запамінальным было выступленне прадстаўнікоў той самай школы – узорнага эстраднага інструментальнага ансамбля “Натхненне”. З захапленнем публіка сустракала народны ансамбль музыкі і песні “Пушчанскія напевы”, народны ансамбль народных інструментаў “Вянок”, народны калектыў “Крынічанька”. Сольныя выканаўцы: Таццяна Навошчык, Іосіф Дмухоўскі, Людміла Коўган таксама пакарылі сэрцы гледачоў сваімі прыгожымі песнямі і цудоўным выкананнем. Гумарыстычны тон мерапрыемству задавалі пастаянныя поразаўскія вядучыя – Джузефіна Паліглотаўна і Разалінда Дармаедаўна (Ганна Леванчук і Алена Андрушка), Сяргей Жураўлёў, а таксама госці з Ханявіч Алена Пісар і Марына Валюк.

Да самага вечара ў парку гучала музыка, не сціхаў гоман і вясёлы смех дарослых і дзяцей. На працягу свята можна было падсілкавацца ў гандлёвых кропках, набыць памятныя сувеніры ў народных майстроў. Для дзетвары працавалі атракцыёны. Гледачам усіх узростаў спадабалася шоу мыльных пузыроў. Пастаянныя госці фестывалю – байкеры – каталі жадаючых на сваіх матацыклах. Закончылася мерапрыемства святочнай дыскатэкай, на якой прысутных жывым выкананнем папулярных песень радавалі: Віталь Аніська, Аляксандр Паўлючэня, Ганна Леванчук, Юрый Прасняк, Іосіф Дмухоўскі і Таццяна Навошчык.

Фестываль “Поразаўскія сустрэчы” нездарма стаў брэндавым – з кожным годам рады яго ўдзельнікаў, таксама як і прыхільнікаў, папаўняюцца.