Народную культуру гродзенскага краю прадставяць на Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў Гомельскай вобласці

Заўтра, 24 ліпеня, у г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ХІ Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Фестываль праводзіцца з мэтай выяўлення, аднаўлення, пераймання і распаўсюджвання народнай культуры ва ўсіх яе традыцыйных лакальных праяўленнях: народная харэаграфія, спеўнае і музычна-інструментальнае мастацтва, народная проза, народныя ўмельствы (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва). Фестываль скіраваны на далучэнне дзяцей, падлеткаў, працоўнай моладзі, творчых суполак да традыцыйных форм народнага мастацтва Бацькаўшчыны шляхам вуснага пераймання.

У гэтым годзе фестываль вельмі насычаны рознымі імпрэзамі, акрамя маштабных конкурсных мерапрыемстваў, гэта і свята “Рудабельскі кірмаш”, і майстар-класы па народных танцах “Кола рудабельскага фальклору”, рознага накірунку выставы, забаўляльна-гульнёвыя праграмы для дзяцей і падлеткаў і г.д. Цікавай лакацыяй фестывалю стане выстава-прэзентацыя “Традыцыі рэгіянальных фальклорных практык”, на якой будуць прадстаўлены культурныя праекты ў рамках фестывальнага фальклорнага руху рэгіёнаў. Гродзенская вобласць будзе прэзентаваць фотавыстаўку адметных і годных увазе фотамомантаў значных культурных падзей вобласці, такіх як: фестываль-свята побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму”, фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, фестываль традыцыйнай рэгіянальнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі ды свята Вялікадня”.

У фестывалі ў розных намінацыях прымуць удзел лепшыя фальклорныя калектывы Гродзеншчыны. Узорныя фальклорныя гурты “Чобаты” ДУК “Ваўкавыскі гарадскі Дом культуры” і “Нальшчаначка” ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс Жодзішкаўскі яслі-сад-сярэдняя школа” Смаргонскага раёна выступяць з музычна-спеўна-танцавальнымі праграмамі ў ІХ Рэспубліканскім турніры дзіцяча-моладзевых фальклорных калектываў «З рога – усяго многа». Дарэчы, гурт “Нальшчаначка” пакажа майстэрства побытавай харэаграфіі ў ІІІ Рэспубліканскім конкурсе сольнай харэаграфічнай імправізацыі «Барыня» і ХV Рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў беларускіх народных парных танцаў «Лявоніха», удзел у якіх прымуць таксама народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці філіяла ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр” і ўзорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” аддзела культуры і дасуга “Дэмбраўскі сельскі Дом фальклору” ДУК “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

Жадаем калектывам добрага настрою на фестывальных імпрэзах і поспехаў у конкурсных праграмах!