Народны ансамбль побытавых інструментаў «Каханачка» з аг. Мажэйкава Лідскага раёна адзначыў свой 40-гадовы юбілей. Віншуем!

У мінулую суботу свой 40-гадовы юбілей адзначыў народны ансамбль побытавых інструментаў “Каханачка” Мажэйкаўскага Дома культуры Лідскага раёна. Удзельнікі гэтага калектыву – мясцовыя жыхары-энтузіясты, закаханыя ў песню. Яны добра спяваюць, танцуюць, іграюць на розных музычных інструментах. Ансамбль мае сваё непаўторнае творчае аблічча – музычнае выкананне спалучаецца з гучаннем побытавых прылад працы.

На працягу гадоў ансамбль вядзе актыўную канцэртную і гастрольную дзейнасць. Прымае ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх святах, фестывалях і аглядах мастацкай самадзейнасці, быў узнагароджаны граматамі, дыпломамі. За гады свайго існавання калектыў даў звыш 400 канцэртаў на сцэнічных пляцоўках Беларусі і за межамі краіны. Юбілейная праграма парадавала гледачоў цікавай чаргой інструментальных, вакальных, сольных кампазіцый, атмасферай душэўнасці і цяпла.