Народны клуб творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці прадставіў музычную праграму “Горад дзяцінства” ў рамках праекта “Танцпляцоўка”

14 мая народны клуб творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці прадставіў увазе гледачоў цікавую музычную праграму “Горад дзяцінства”, якая прайшла ў рамках праекта “Танцпляцоўка”. Аўтар ідэі і музычны кіраўнік праекта – вядомы гродзенскі музыкант, член клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Юрый Венедыктаў.

У пачатку вечарыны кіраўнік клуба А.Закрэўскі прадставіў музыкантаў праекта: Юрый Венедыктаў (бас-гітара), Віталь Кудлачоў (лідэр-гітара),

Мікіта Сак (лідэр-гітара), Павел Гарчычка (вакал,гітара), Валерый Новік (барабаны). Падчас імпрэзы прагучала як інструментальная музыка, так і песні замежных і айчынных кампазітараў 60-70 гг. – сапраўдныя хіты тагачасных гродзенскіх танцпляцовак і школьных вечароў (кампазіцыі гуртоў “The Shadows”, “The Beatles”, “Shocking Blue”, “Блакітныя гітары”, “Спяваючыя гітары”, спевака Валерыя Абадзінскага і інш.)

Адметна, што сярод слухачоў былі прадстаўнікі падрастаючага пакалення, якія з цікавасцю слухалі музыку маладосці сваіх бацькоў. Музыканты ігралі на крыху адноўленых рэтрагітарах.

Сэрцы ўсіх без выключэння гледачоў пакарыў шаснаццацігадовы Мікіта Сака (лідэр-гітара), які, валодаючы непараўнальнай тэхнікай ігры і сапраўдным рок-н-рольным драйвам, не губляўся сярод сталых і, як кажуць, мацёрых музыкантаў. Жывы гук, выдатнае выкананне, цікавыя аранжыроўкі танцавальных хітоў – неўзабаве перад сцэнай утварыўся невялічкі танцпол, што дакладна адпавядала назве праекта.

Напрыканцы вечарыны адбыўся джэм-сэйшн на традыцыйныя рок-блюзавыя стандарты, ў якім маглі паўдзельнічаць усе жадаючыя выканаўцы незалежна  ад узросту і майстэрства, што выклікала яшчэ большы ўздым настрою гледачоў. Вечарына непрыкметна ператварылася ў сапраўдую рок-н-рольную падзею.