“Не ўстаючы з канапы”, або Маеш сайт — маеш і імпрэзы

На нашу рэдакцыйную пошту працягваюць прыходзіць лісты з нагоды правядзення тых ці іншых культурных імпрэз. Праўда, прызнаюся, пісьмаў цяпер трапляе ў рэдакцыйную скрынку значна менш, чым яшчэ два ці тры месяцы таму. І гэта зразумела: неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча, перасцярога з правядзеннем масавых мерапрыемстваў і гэтак далей. Але ж культурнае жыццё ў рэгіёнах ідзе сваёй хадой, хай сабе часцяком нават не ў рэальным, а ў віртуальным свеце анлайн-парталаў, сацыяльных сетак ды сайтаў устаноў культуры.

 

Інтэрнэт як сродак сувязі

У мінулым нумары “К” я згадваў пра Гомельскую цэнтральную гарадскую бібліятэку імя А. І. Герцэна, чые супрацоўнікі сёння актыўнічаюць у інтэрнэце з дапамогай свайго сайта: ладзяць віртуальныя віктарыны і конкурсы, прапануюць чытачам пакарыстацца бясплатнымі анлайн-рэсурсамі, прэзентуюць кніжныя навінкі праз Сеціва… Падобным шляхам пайшлі, натуральна, і іншыя ўстановы культуры краіны, прычым, не толькі бібліятэчныя.

Напрыклад, як паведамілі супрацоўнікі Палаца культуры горада Ліды, нягледзячы на часовае абмежаванне правядзення масавых мерапрыемстваў, яны актыўна асвойваюць новыя формы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй на сайце ўстановы і ў сацыяльных сетках. Гэта, на думку мясцовых культработнікаў, дазваляе заставацца на сувязі з наведвальнікамі, а таксама прыцягнуць новых карыстальнікаў.

— Спланаваць культурныя прагляды дапамагае віртуальная афіша, — пішуць нам у лісце супрацоўнікі Палаца культуры. — Набірае папулярнасць новая відэарубрыка “Не ўстаючы з канапы”, дзе рэгулярна размяшчаюцца відэазапісы спектакляў, канцэртных і гульнявых праграм, літаратурна-музычных вечарын. Атрымаць новыя навыкі дапамагаюць разнастайныя майстар-класы ў рубрыцы “Творчы АРТ-прамоўшэн”.

/i/content/pi/cult/796/17123/021.JPG

Натуральна, у новым фармаце ладзіцца цяпер праца некаторых клубных фарміраванняў. Засваенне матэрыялу для ўдзельнікаў праводзіцца ў індывідуальным і аддаленым рэжыме — хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць відэаўрокі і заданні па тэлефоне, выконваюць іх самастойна ды дасылаюць відэазапісы для выпраўлення памылак і карэкціроўкі кіраўніком.

Да таго ж, напярэдадні Дня Перамогі ў Лідзе стартаваў літаратурна-патрыятычны марафон-акцыя “На всю оставшуюся жизнь”. У яго рамках вядзецца відэазапіс выступленняў удзельнікаў творчых калектываў установы. Пасля з гэтага матэрыялу будуць сфарміраваны сімвалічныя 75 відэаролікаў. Лепшыя выканаўцы стануць удзельнікамі тэматычных мерапрыемстваў да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Марафон-акцыю падтрымалі не толькі супрацоўнікі і ўдзельнікі клубных фарміраванняў установы, але і прафесійныя артысты, вядучыя і жыхары Лідчыны.

Без увагі не засталася і абласная акцыя “Зорка герояў”. У фае Палаца культуры ўсталявана аднайменная фотазона-інсталяцыя, на якой размешчаны фотаздымкі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — знакамітых ветэранаў-землякоў. Акрамя таго, калектыў Палаца культуры далучыўся да абласной інтэрнэт-эстафеты “Галасы Перамогі”.

Як бачна, стварэнне ўласнага сайта сёння — не прыхамаць, а надзённая патрэба, пра што ўжо не раз згадвала і нагадвала ў сваіх матэрыялах “К”. Відавочна, што тыя ўстановы, якія паспелі стварыць свае віртуальныя старонкі ў Сеціве, апынуліся сёння ў выйгрышы. Так што пасля таго, як каранавірусная эпідэмія сыдзе, падобных інтэрнэт-парталаў на культурную тэматыку ў беларускім сегменце інтэрнэту, мяркую, значна паболее.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

аглядальнік газеты «Культура»

Крыніца: Газета «Культура»