НОВОСТИ
28.11.2017
Народнаму ансамблю народнай песні “Жытніца” – 25 гадоў

 Народны ансамбль народнай песні Жытніца” аг. Кракоўка Ашмянскага раёна – гэта яскравы прыклад таго, што любоў да музыкі здольна аб’ядноўваць людзей самых розных прафесій. Калектыў, які нядаўна адзначыў сваё 25-годдзе, унёс вялікі ўклад у культурную спадчыну Ашмяншчыны і можа па праву ганарыцца мноствам узнагарод. Ансамбль упэўнена працягвае свой творчы шлях, насычаны значнымі здзяйсненнямі і перамогамі.
 

Гісторыя стварэння творчага калектыву бярэ пачатак у 1989 годзе. Тады пры калгасе “Маяк” быў створаны хор, які ўжо праз год атрымаў найменне “народны”. У складзе знаходзілася больш за 40 абсалютна розных людзей – ад даяркі да работніка цэха. Іх аб’ядноўвала любоў да музыкі і жаданне бавіць час з карысцю. Удзельнікі паступова адточвалі сваё майстэрства, адны сыходзілі, іншыя душой прыкіпалі да новага захаплення.

І, калі ў калектыве засталося каля пятнаццаці чалавек, самых натхнёных, бясконца закаханых у народную песню, новыя абставіны далі новую назву – хор ператварыўся ў народны ансамбль народнай песні “Жытніца”.

Кіраўніком хору, а затым і ансамбля, да 2000 года быў Іван Мікалаевіч Барысенка. Менавіта пры ім “Жытніца” атрымала сваё першае званне. Па ўспамінах хормайстра Розы Яцуковіч, ён быў нязменным лідэрам у асяроддзі культработнікаў і проста чалавекам шырокай душы.

Сёння ў склад ансамбля ўваходзіць 11 выканаўцаў і музыкантаў: Роза Яцуковіч, Марыя Горыд, Валянціна Горыд, Эдуард Горыд, Наталля Лукашэвіч, Таццяна Усачова, Святлана Ганусевіч, Міхаіл Свірскі, Віктар Аленскі, Таццяна Чэрская, кіраўнік народнага калектыву “Жытніца” і акампаніятар Аляксандр Пашкоўскі. Да яго працы і таленту з павагай і пашанай ставяцца не толькі прыхільнікі, але і ўдзельнікі калектыву.

За 25 гадоў свайго існавання склад выканаўцаў неаднаразова мяняўся, але Марыя Горыд і Роза Яцуковіч у ансамблі даўно, яшчэ з часоў яго заснавання.

 – Для мяне спевы – гэта аддушына, – адзначыла Марыя. – Па адукацыі я бухгалтар, зараз працую ў Ашмянскім краязнаўчым музеі наглядчыкам-касірам. У калектыў трапіла ў 19 гадоў. За ўсе гэтыя гады ён стаў важнай часткай майго жыцця, чымсьці вельмі родным. Мы імкнемся дарыць людзям свята, шануем традыцыі і ў кожнае выступленне ўкладваем душу.

“Жытніца” з’яўляецца жаданым госцем на мерапрыемствах рознага ўзроўню, вядзе актыўную канцэртную дзейнасць не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за яе межамі. Выступаць перад публікай даводзіцца практычна кожныя выхадныя, а то і часцей. Калектыў ансамбля паспеў пабываць з гастролямі ў Мінску, Гродне, Оршы, Астраўцы, Смаргоні, Лідзе, Гомелі, Свіслачы. Удзельнікі з асаблівым цяплом успамінаюць паездкі ў Польшчу, Літву, Расію (а менавіта ў Санкт-Пецярбург і Маскву). Так, “Жытніца” неаднаразова выступала на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне, на фестывалі-кірмашы “Дажынкі” ў Свіслачы, Лідзе, Вільнюсе і г.п. Воранава. У 2009 годзе прадстаўляла родны край ў гісторыка-культурным праекце “Скарбы роднага краю”, які праходзіў у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. У 2012 і 2013 гадах удзельнікі ансамбля выконвалі беларускія народныя песні на свяце ўраджаю ў Пікулішках (Віленскі раён), а ў 2016 – на свяце павета Рэспублікі Польшчы. Сёлета сталі ганаровымі гасцямі святаў у Літве – “Купалля” і фестывалю беларускай песні. Зрэшты, усё гэта толькі малая частка мерапрыемстваў, на якіх “Жытніца” заявіла пра сябе. Аб гастролях і ўзнагародах калектыву можна расказваць бясконца. Кожная паездка дорыць народнаму ансамблю мноства станоўчых эмоцый – жаданне працягваць свой творчы шлях з цягам часу толькі ўзмацняецца.

Аснову песеннага рэпертуару складаюць беларускія народныя песні ў апрацоўцы, аўтарскія творы беларускіх кампазітараў, абрадавыя песні Ашмянскага рэгіёну, якія гучаць акапэльна або ў суправаджэнні інструментальнай групы прафесійных музыкаў.

Выступленне на сцэне запамінаецца гледачу не толькі дзякуючы музычнаму складніку – вялікую ролю адыгрывае і знешні выгляд выканаўцаў, а менавіта іх народныя касцюмы, якія за гэтыя гады неаднаразова мяняліся.

– Першы камплект каларытных касцюмаў захаваўся ў нас да гэтага часу, – адзначыла Роза Яцуковіч, хормайстар ансамбля. – Ён вельмі стары, месцамі “пабіты” моллю, але для нас надзвычай дарагі. Гісторыю стварэння другога камплекта да гэтага часу ўспамінаем з усмешкай. Мы пашылі яго самастойна са старых харавых сукенак, у якіх выступалі раней. Трохі абнавілі і атрымаўся яшчэ адзін каларытны касцюм, у якім неаднаразова выступалі на сцэне. Затым, прыкладна пяць гадоў таму, тагачасны старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Адамчык падарыў нам новы камплект. У ім выступаем і па сённяшні дзень.

У калектыве “Жытніца” ў асноўным жанчыны, таму ансамбль часта мае патрэбу ў большай колькасці мужчынскіх галасоў. І тады на дапамогу прыходзіць сямейны ансамбль “Граўжанцы” з аг. Граўжышкі Ашмянскага раёна ў асобе Вацлава Сідаровіча і Эдуарда Булкевіча. Творчае супрацоўніцтва дорыць толькі станоўчыя эмоцыі, бо і “Жытніца” і “Граўжанцы” – калектывы, якімі наш край ганарыцца.

Варта адзначыць, што ў народнага ансамбля за плячыма вялікі творчы вопыт, карысны для маладога пакалення. У “Жытніцы” ўжо ёсць маленькія пераемнікі – дзіцячая вакальная група “Жытнічка”. Яе кіраўніком з’яўляецца скрыпачка Таццяна Чэрская. Самаму маленькаму ўдзельніку 7 гадоў, а самаму старэйшаму – 12. Дзеці спяваюць, граюць на скрыпцы і балалайцы.

У гонар юбелею 26 лістапада ў аддзеле культуры і вольнага часу аг. Кракоўка адбыўся творчы вечар народнага ансамбля народнай песні “Жытніца”, дзе былі выказаны шчырыя словы падзякі. Удзельнікі калектыву ўзгадалі яскравыя моманты свайго творчага шляху і зноў праспявалі народныя песні, якія, як заўсёды, кранулі сэрцы гледачоў.

  Версия для печати
11.12.2017
Культурно-спортивный праздник «Зимние забавы» в агрогородке Каменный Лог Ошмянского района
05.12.2017
Фестиваль "Летим высоко" - творчество без границ
05.12.2017
З 30 лістапада па 1 снежня ў ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” прайшоў абласны семінар-практыкум спецыялістаў па фальклору і кіраўнікоў фальклорных калектываў вобласці
05.12.2017
Театрализованное представление «Гостья Зима» в аг. Ендриховцы Волковысского района
05.12.2017
В аг. Путришки Гродненского района состоялся районный смотр-конкурс «Вместе против СПИДа»
30.11.2017
Фестываль народнай песні “Варнянскія матывы” ў аг. Варняны Астравецкага раёна
30.11.2017
В аг. Станция Ошмяны Ошмянского района состоялся праздник «Капустные вечёрки»
28.11.2017
Дружба народов – не просто слова
28.11.2017
Піліпаўскія вячоркі ў Лідзе
Страницы

тел.: 72 27 04
e-mail:onmcnt@tut.by

ГУК «Гродненский ОМЦНТ»
230025 г. Гродно, ул. Советская, 8 »
УНП 500441301

Создание сайта-Сайтодром 2013 - 2017

Яндекс.Метрика