Незвычайнае, але ўжо стаўшае традыцыйным свята «Вясёлы сыравар» прайшло ў г.п. Любча

Незвычайнае, але ўжо стаўшае традыцыйным свята «Вясёлы сыравар» сабрала сёння жыхароў і гасцей на пл. Салабуціна ў гарадскім пасёлку Любча Навагрудскага раёна.

Цэнтральнай падзеяй кулінарнага свята сталі: кулінарнае шоу «Усе смакі свету – у кавалачку сыру» і конкурс «Сырныя дасягненні». На конкурс прадставілі сыры ўласнай вытворчасці не толькі ААТ «Малочная кампанія «Навагрудскія Дары», але і мясцовыя жыхаркі Яніна Крапівіна і Іна Горбач. Жанчыны парадавалі жыхароў г.п. Любча сваімі сырамі хатняга прыгатавання і сырным пірагом.

Шумна і весела было на плошчы, куды з усіх бакоў сцякаліся жыхары. Насычаную праграму падрыхтавалі гледачам работнікі і ўдзельнікі калектываў Любчанскага гарадскога дома культуры. Песні, вясёлыя гульні, аўкцыён і дэгустацыя малочных прадуктаў, конкурсы «Выпі шклянку малака», «Адгадай ёгурт», «Дойка каровы» прыйшліся даспадобы не толькі вяскоўцам, але і прыезджым гасцям. Удзельнічалі ў іх і дарослыя, і дзеці, прычым перамога аказвалася як на баку адных, так і на баку другіх. Ні адзін з удзельнікаў гэтых конкурсаў не сышоў, не атрымаўшы смачнага падарунка ад ААТ «Малочная кампанія «Навагрудскія дары».

Выдатны настрой на працягу свята стваралі гасцям галоўныя гераіні Малочніца і Пеначка. Таксама яны распавялі пра карысныя ўласцівасці малочных прадуктаў, аб самым старажытным сыры, які зрабілі егіпцяне больш за 7000 гадоў таму. Падзяліліся і некаторымі сакрэтамі прыгатавання сыроў і іншых малочных прадуктаў.

Гледачы гарпасёлка маглі не толькі купіць, але і прадэгуставаць розныя гатункі сыру. Гэтак жа сваю прадукцыю прэзентаваў ААТ «Навагрудскі вінзавод» з рознымі напоямі і квасам. Недалёка ад сцэны размясціліся рамеснікі, кніжная выстаўка «Усё пра сыры», палатка з марозівам і рознымі сувенірамі. Прыцягвалі ўвагу плеценыя вырабы з газет, лялькі і цацкі, сувеніры з бісеру і бяросты, карціны. Пакуль адны знаёміліся з творчасцю сваіх землякоў, іншыя куплялі папкорн, салодкую вату і шарыкі. Для дзяцей працавала забаўляльная пляцоўка з батутам «Сетка для скачкоў» і аквагрымам.

А ўвечары сырнае свята ў Доме культуры працягнулася канцэртнай шоу-праграмай «Мы запальваем зоркі» салістаў тэатра песні Ірыны Дарафеевай.