РЭГІЯНАЛЬНЫ ФЕСТЫВАЛЬ ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ “СКАРБЫ ГРОДЗЕНШЧЫНЫ"

 

Рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” праходзіць з перыядычнасцю раз ў два гады і спрыяе захаванню і папулярызацыі рэгіянальных асаблівасцей традыцыйнай культуры Панямоння.

Упершыню фестываль прайшоў 16-17 жніўня 2013 года на Лідчыне і ў вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна. Два дні фестывалю поўніліся народнымі песнямі, сцэнічнымі народнымі і побытавымі танцамі, яскравымі набыткамі майстроў народнай творчасці і мастакоў, духмяным традыцыйным водарам прысмакаў розных рэгіёнаў Гродзеншчыны.

У другі раз фестываль прыняў гасцінны Астравец. Наведвальнікі фэсту ўдзельнічалі ў народных сюжэтна-гульнёвых праграмах, бралі майстар-класы ў знакамітых носьбітаў тэхналогій традыцыйных рамёстваў: ткацтва, вышыўка, роспіс, саломапляценне, кавальства. Аматары даўніны разглядалі народныя строі Гродзеншчыны, частаваліся мясцовымі стравамі.

У 2017 г. рэгіянальны фестываль традыцыйнай  культуры “Скарбы Гродзеншчыны” адбыўся на Аўгустоўскім канале ў Гродзенскім раёне. У фестывалі прынялі ўдзел лепшыя фальклорныя калектывы Гродзеншчыны, народныя тэатры гульні, майстры народнай творчасці раённых Дамоў і Цэнтраў рамёстваў, іншыя творчыя калектывы рэгіёну, якія прайшлі адборачныя туры абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, а таксама творчыя калектывы і майстры з іншых абласцей Беларусі (па запрашэнню аргкамітэта).

Праграма фестывалю ўключае: канцэрт фальклорных калектываў, прэзентацыю элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, выстаўку-прэзентацыю “Традыцыйныя стравы Гродзеншчыны”, майстар-класы па традыцыйных рамёствах, гульнёва-забаўляльныя праграмы для дзяцей, выстаўку “Горад майстроў”, “круглы стол” з удзелам дырэктараў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці і спецыялістаў галіны з ліку дырэктараў Дамоў (Цэнтраў) рамёстваў, метадыстаў па традыцыйнай культуры з усёй рэспублікі і замежжа.

Мова, звычаі, традыцыі, веды і тэхналогіі, якія перададзены нам продкамі з рук у рукі, з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца, скрозь вякі - як каштоўныя знакі памяці.Яны могуць знікнуць назаўсёды, калі мы не захаваем іх, каб перадаць сваім дзецям і ўнукам, ад пакалення да пакалення.

Дакрануцца да культуры нашых продкаў, паслухаць лепшыя фальклорныя калектывы Гродзеншчыны, паспрабаваць стравы нацыянальнай беларускай кухні, акунуцца жыццё і быт беларускага народу - усё гэта будзе магчыма на Рэгіянальным фестывалі традыцыйнай  культуры “Скарбы Гродзеншчыны”

  

тел.: 72 27 04
e-mail:onmcnt@tut.by

ГУК «Гродненский ОМЦНТ»
230025 г. Гродно, ул. Советская, 8 »
УНП 500441301

Создание сайта-Сайтодром 2013 - 2017

Яндекс.Метрика