Перадвелікодны кірмаш у Гродне сабраў рамеснікаў з усёй Гродзенскай вобласці (фота)

5 красавіка 2018 года на плошчы Савецкай у гістарычным цэнтры горада Гродна адкрылася рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”. Сувеніры з лазы, саломы, дрэва, бісеру, яечнай шкарлупіны, плеценыя кошыкі, карціны з атласных стужак, размаляваныя камяні, тканыя палавікі – кожны госць кірмашу мог знайсці тут сувенір па душы.

Штогод у мерапрыемстве прымаюць удзел носьбіты элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: майстар па традыцыйнаму вырэзванню з паперы з Навагрудскага раёна Наталля Клімко, майстар па традыцыйнаму роспісу велікодных яек з г. п. Сапоцкін Гродзенскага раёна Антаніна Юрчэня, майстар па вырабу велікодных вербаў з г. Гродна Дамініка Кавалёнак, майстар “простага двухнітовага” ткацтва Яніна Іюльская з г.п. Рось Ваўкавыскага раёна. Сёлета да іх далучыліся носьбіты элементаў Людміла Станеўская, майстар па традыцыйнай тэхналогіі ткацтва “падвойных дываноў” з в. Гудзевічы Мастоўскага раёна, майстар па вырабу габеленаў у тэхніках “падвойнага і пераборнага аднабаковага” ткацтва Алена Шунейка, а таксама элементы, якім у 2017 – 2018 годзе быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гэта “Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне”, прадстаўлены Рэгінай Стасюкевіч, “Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавае печыва”, прадстаўлены Ларысай Мудрацовай і “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння” – Валянцінай Сільвановіч з г. Ліды.

Падчас свята кожны жадаючы мог паўдзельнічаць у розных майстар-класах: па роспісу велікодных яек, саломапляценню, ткацтву і інш.

Аматары фальклору маглі прыняць удзел у гульнёвай праграме і паслухаць песні ў выкананні фальклорнага гурта “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

У рамках свята-кірмашу быў арганізаваны конкурс, дзе лепшыя з лепшых атрымалі дыпломы лаўрэатаў.

Так, у намінацыі “лепшая калекцыя велікодных яек” дыпломы лаўрэатаў атрымалі:

  • І ступені – Марына Савіцкая з Лідскага раёна;
  • ІІ ступені – Вольга Сліж з Мастоўскага раёна;
  • ІІІ ступені – Галіна Ярашчук з г. Гродна.

У намінацыі “лепшая калекцыя велікодных паштовак” лаўрэатамі сталі:

  • І ступені – Ірына Пекар з Ваўкавыскага раёна;
  • ІІ ступені – Жанна Сыраежка са Свіслацкага раёна;
  • ІІІ ступені – Леанарда Казімірава з Ашмянскага раёна.

У намінацыі “лепшая калекцыя велікодных кошыкаў” дыплом І ступені падзялілі Вольга Вайтовіч, Ірына Юшкевіч з Мастоўскага раёна і Вера Чурэйна з Іўеўскага раёна, дыплом ІІ ступені атрымала Наталля Піваварчык з г. Гродна.

У намінацыі “лепшае дэкаратыўнае пано, прысвечанае велікоднай тэматыцы”, дыплом лаўрэата атрымалі:

  • І ступені – Святлана Кудаш з Ваўкавыскага раёна;
  • ІІ ступені – Дар’я Юрчык з Лідскага раёна;
  • ІІІ ступені – Вольга Каранкевіч са Шчучынскага раёна.

У намінацыі “лепшая калекцыя велікодных вербаў” лаўрэатамі сталі:

  • І ступені – Дамініка Кавалёнак з г. Гродна;
  • ІІ ступені – Ганна Петрык і Алена Малышава з Астравецкага раёна;
  • ІІІ ступені – Вольга Альховік з Мастоўскага раёна.

У намінацыі “лепшая калекцыя традыцыйнага печыва” дыпломы лаўрэата атрымалі:

  • І ступені – Ларыса Мудрацова са Слонімскага раёна;
  • ІІ ступені – Ганна Кухарэвіч з Гродзенскага раёна;
  • ІІІ ступені – Ала Сідорык з Зэльвенскага раёна.

Усе астатнія ўдзельнікі свята атрымалі дыпломы за ўдзел.

Традыцыйным у рамках кірмашу стала правядзенне дабрачыннай акцыі. Удзельнікі, наведвальнікі свята ці проста выпадковыя прахожыя набывалі салодкія пачастункі, велікодныя сувеніры, канцтавары ці іншыя рэчы дзецям Гродзенскага дзяржаўнага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Усе падарункі былі адпраўлены выхаванцам цэнтра.