Прэзентацыя габелена “Гродзенская ратуша 1784”

На працягу многіх год у ткацкай майстэрні ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” ствараліся сапраўдныя творы мастацтва майстрам-тэкстыльшчыкам Аленай Шунейка. Сёння ўнутраны інтэр’ер установы ўпрыгожваюць самыя аб’ёмныя і надзвычай маляўнічыя работы Алены Феліксаўны. І дадзеная традыцыя працягваецца новым габеленам – “Гродзенская Ратуша 1784”, прэзентацыя якога адбылася 25 красавіка ў 12.00. 

Стварэнне габелена адбывалася на працягу 2017 – пачатку 2018гг., і прысвечаны ён гістарычнаму Гродна. Памер: 105 х 190 см. Алена Шунейка сваім творам імкнулася паказаць старадаўні цэнтр горада, які часткова захаваўся да нашых дзён. У цэнтры кампазіцыі – герб горада з выявай аленя Святога Губерта, Гродзенская ратуша, пабудаваная ў 1784г. у стылі класіцызму, за ёй – сабор Вітаўта XIV ст., побач – Фарны касцёл, сквер, будынкі цэнтра горада і іншыя пабудовы. Рамантычны характар кампазіцыі надае від адноўленага гістарычнага цэнтра горада на фоне ўзыходу сонца. Унікальны твор выкананы традыцыйнай тэхнікай аднабаковага пераборнага ткацтва. Трэба адзначыць, што майстар па вырабу габеленаў у тэхніках падвойнага і  пераборнага аднабаковага  ткацтва Алена Шунейка з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, занесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

На адкрыцці прысутнічалі спецыяльныя госці: брат майстыхі — Яўген Шунейка – кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў; Таццяна Маліноўская – мастацтвазнаўца, культуролаг. Госці падтрымалі майстрыху добрымі словамі і высокай ацэнкай мастацкай і гістарычнай каштоўнасці габелена.

Габелен “Гродзенская Ратуша 1784” у далейшым будзе размешчаны ў адным з памяшканняў ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, дзе кожны жадаючы можа прыйсці і атрымаць асалоду ад сапраўднага твора мастацтва.