Раённы семінар-практыкум па побытавых танцах адбыўся ў Лідзе

Ужо стала добрай традыцыяй у Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці напярэдадні правядзення фестывалю-свята “Танцуем па-даўнейшаму” праводзіць раённы семінар-практукум “Адраджэнне побытавых танцаў. Традыцыі. Сучаснасць”.

На семінар былі запрошаны носьбіты традыцыйнай танцавальнай культуры – Станіслава Грабліс і Ядвіга Швакель – удзельніцы фальклорнага аб’яднання “Згукі Бацькаўшчыны” Дзітвянскага Дома культуры. Жанчыны прадэманстравалі ўдзельнікам практыкума “польку (дробную)”, распавялі пра асаблівасці выканання побытавых танцаў, расказалі, як праходзілі танцавальныя “вячоркі” ў мінулым стагоддзі.

Мікалай Сакалоўскі – культарганізатар Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра і культуролаг сектара нестацыянарнага абслугоўвання Таццяна Язерская правялі майстар-клас і развучылі разам з удзельнікамі семінара побытавы танец “Дзеўка ў сенях”.

Удзельнікі народнага ансамбля бытавых інструментаў “Каханачка” Мажэйкаўскага Дома культуры дэманстравалі побытавыя танцы “Аляксандра” і “Каханачка”. Аматарскае аб’яднанне “Суседзі” Пескаўскага Дома культуры прывезла танцы “Кракавяк” і “Падыспань”.