Рэспубліканскі семінар-практыкум па захаванні рэгіянальнай народнай культуры распачаўся ў Гродне

Кіраўнікоў аддзелаў і цэнтраў культуры, спецыялістаў у галіне захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны з розных куткоў краіны сабраў сёння ў Гродне Рэспубліканскі семінар-практыкум “Рэгіянальная народная культура: выяўленне, захаванне і трансляцыя ў сучаснае асяроддзе”.

Адкрыццё мерапрыемства адбылося ў актавай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. З прывітальнымі словамі да ўсіх удзельнікаў звярнулася намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Куратчык Сняжана Віктараўна і выказала шчырую ўпэўненасць у тым, што многія культурныя здабыткі вобласці заслугоўваюць увагі, пашаны і гонару. Намеснік начальніка аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вайцяхоўская Раіса Іосіфаўна адрасавала словы ўдзячнасці арганізатарам мерапрыемства, многіх прысутных у зале прывітала асабіста і ўручыла дырэктару метадычнага цэнтра Мурэні Алене Уладзіміраўне падарункі, сярод іх – рэспубліканскае выданне “Фестывалі ад А да Я”, над якім працавалі работнікі культуры з усёй рэспублікі.

Вядучы метадыст па народных промыслах Гродзенскага АМЦНТ Барысевіч Яніна Анатольеўна прадставіла грунтоўны даклад на тэму “Рэгіянальная народная культура: выяўленне, захаванне і трансляцыя ў сучаснае асяроддзе. Ахова нематэрыяльнай культурнай спадчыны на прыкладзе Гродзенскай вобласці”.

Семінар прадоўжыла цікавая і займальная экскурсія па інтэр’ерах цэнтра, упрыгожаных маштабнымі габеленамі, выкананымі тут жа – у эксклюзіўнай ткацкай лабараторыі. Гаспадыняй майстэрні можна па праву назваць матадыста выставачнай залы Шунейка Алену Феліксаўну – патомнага майстра, чыя творчасць уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Большую палову жыцця майстрыха прысвяціла працы за ўнікальным станком, зробленым паўстагоддзя таму назад рукамі яе бацькі. Кросны, якія не маюць аналагаў у Беларусі, з’яўляюцца бясспрэчным скарбам установы.

Дарэчы, Алена Феліксаўна сёння святкуе свой 71-ы дзень нараджэння і ахвотна прымае шчырыя віншаванні ад калег, якія прагучалі ў тым ліку і падчас семінара. Я.А. Барысевіч прадставіла гасцям творчасць ткачыхі і запрасіла да яе ў працоўную лабараторыю.

Для гасцей шырока адчыніла свае дзверы выставачная зала ўстановы, дзе сёння дзейнічае экспазіцыя сямейнай творчасці “Фантазии полёт и рук творенье”, пачэснае месца на якой займаюць выцінанкі-выбіванкі ўладальніка статусу народнага майстра Клімко Наталлі Аляксандраўны, чыя творчасць таксама ўнесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны. Цікавасць у наведвальнікаў выстаўкі выклікалі і пісанкі сясцёр Зайко з г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна, што захоўваюцца ў фондах цэнтра, ад якіх, па прызнанні прысутных, было проста немагчыма адвесці вачэй!

Наступны не менш цікавы прыпынак удзельнікаў семінара – гродзенскі Цэнтр рамёстваў “Спадчына”. Сачыце за нашымі навінамі!