Шчучын запрашае на абласны фестываль фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”

Абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” – адзін з самабытнейшых фестываляў на тэрыторыі Гродзеншчыны, які на працягу амаль 15 гадоў не губляе сваёй актуальнасці. Традыцыйна фестываль ахоплівае ўсю Гродзенскую вобласць, прадстаўляе дасягненні рэгіянальнай культуры кожнай, нават самай маленечкай, вёсачкі.

З красавіка па чэрвень у Гродзенскім, Ваўкавыскім, Лідскім, Смаргонскім і Навагрудскім раёнах праходзілі занальныя агляды-конкурсы абласнога фестывалю, дзе вызначаліся лепшыя транслятары фальклорнага мастацтва, самыя таленавітыя майстры народнай творчасці. Заключныя фестывальныя мерапрыемствы адбудуцца 4 верасня ў Шчучыне і стануць сапраўднай культурнай падзеяй, на якой будзе прадстаўлена ўсё тое лепшае, што засталося нам ад продкаў.

Гасцей чакаюць конкурсныя выступленні фальклорных калектываў і выканаўцаў вобласці, выстаўка-кірмаш вырабаў майстроў народнай творчасці з дэманстрацыяй тэхналагічнага працэсу традыцыйных рамёстваў, інтэрактыўныя пляцоўкі з гульнёва-забаўляльнымі праграмамі і майстар-класамі па навучанні побытавым танцам. Самым яскравым эпізодам фестывалю стане канцэрт з удзелам лепшых фальклорных калектываў вобласці.