Свята кветак у аг. Лаздуны1 Іўеўскага раёна

Кветкі – прыгажосць зямлі. Вельмі цяжка ўявіць наша жыццё без кветак – гэтых дзіўных тварэнняў прыроды, настолькі цесна яны звязаны з нашай культурай, побытам. Свет кветак – пяшчотны і яркі, далікатны і незвычайна прыгожы…

Вось і жыхары аг. Лаздуны1 Іўеўскага раёна не толькі любяць, але і актыўна вырошчваюць кветкі ў сваіх хатах і на прысядзібных участках. У сярэдзіне лета аграгарадок заўсёды напоўнены пахучай прыгажосцю кветнікаў і зелянінай садоў. У аграгарадку захаваўся старадаўні парк, пасаджаны больш стагоддзя таму назад сям’ёй былога ўладальніка лаздунскіх зямель, грамадска-палітычнага дзеяча, публіцыста, доктара права Іпаліта Корвін-Мілеўскага. У парку цяпер знаходзіцца  мясцовая ўстанова культуры – аддзел культурна-масавай і асветнай работа аг. Лаздуны1 Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

У Лаздунах даўно стала добрай традыцыяй правядзенне ў старадаўнім парку ў сярэдзіне лета свята кветак. Сёлета свята кветак “Кветкавы калейдаскоп” адбылося 14 ліпеня. Свята пачалося прыгожым касцюміраваным шэсцем удзельнікаў у касцюмах кветак. Вядучая свята з’явілася ў вобразе багіні Флоры. У суправаджэнні кветкавых фей на свята з’явіўся Іпаліт Корвін-Мілеўскі з жонкай Казімірай, якія шчыра павіталі жыхароў і гасцей аграгарадка. З прывітальным словам да землякоў звярнулася кіраўнік спраў Лаздунскага сельвыканкама Наталля Леанідаўна Заброцкая.

З удзелам аддзелаў і сектараў Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу адбыўся цікавы творчы арт-конкурс “Кветкавая сімфонія”, які ўключыў у сябе тры этапы: “Творчая прэзентацыя касцюма”, “Святло малой радзімы”, “Чароўны нектар”. У межах арт-конкурсу ўвазе гледачоў і журы былі прадстаўлены: прыгожая і займальная прэзентацыя кветкавых касцюмаў, маляўнічыя кветкавыя інсталяцыі на тэму народных святаў і абрадаў з выкарыстаннем прадметаў народнага побыту, а таксама прысутныя змаглі прадэгуставаць смачныя і карысныя напоі, прыгатаваныя з траў і кветак, азнаёміцца з рэцэптамі іх прыгатавання.

Аб сваёй любові да кветак расказала кветкавод-аматар Вольга Чаславаўна Каспяровіч. Добры настрой стварылі гледачам канцэрты «Ёсць вочы ў кветак», «Кветкавы настрой», падораныя дзіцячымі калектывамі аматарскай творчасці аг. Лаздуны1 і творчымі калектывамі аг. Нача Воранаўскага раёна.

Здзіўлялі і радавалі выставы-продажы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Фарбы роднага краю”, аксесуараў для прычосак “Кветкавы рай”, фотавыстава “Дзеці – кветкі жыцця”, выстаўка карцін “Чароўная прыгажосць”. Вялікім попытам карысталіся прыгожыя фотазоны. Яркае, прыгожае, запамінальнае свята, якое пакінула пасля сябе шмат выдатных уражанняў, завяршылася цырымоніяй ўзнагароджання ўдзельнікаў арт-конкурсу «Кветкавая сімфонія» і пераможцаў конкурсу «Кветкавод-аматар – 2018», праведзенага напярэдадні сярод жыхароў аграгарадка.