Свята народнай творчасцi “Повязь часоў” у аг. Дайліды Iўеўскага раёна

SONY DSC

15 сакавіка прыхільнікі фальклору і аматары народнага мастацтва сабраліся ў аг. Дайліды Іўеўскага раёна, каб разам дакрануцца да вытокаў – да найкаштоўнейшай спадчыны нашых продкаў. На свята народнай творчасці “Повязь часоў” завіталі ўсе жадаючыя, але ў першую чаргу мерапрыемства прыйшлося даспадобы людзям сталага ўзросту, якія з’яўляюцца своеасаблівымі захавальнікамі непарыўнай сувязі паміж мінулым і сучаснасцю.

У самым пачатку свята з прывітальнымі словамі выступіла старшыня Іўеўскага сельвыканкама Т.В. Лось. Таісія Валянцінаўна адзначыла: “Невыпадкова свята “Повязь часоў” праходзіць у арагарадку Дайліды. Тут жывуць і працуюць сапраўдныя майстры, улюбёныя ў сваю маленькую радзіму, сваю спадчыну”.

Насычаныя і яскравыя канцэртныя праграмы прадставілі: Гродзенская абласная філармонія, народны ансамбль народнай песні “Спадчына” аг. Лаздуны1, фальклорны ансамбль “Весялуха” з аг. Ліпнішкі. Цікавая сюжэтна-гульнёвая праграма “Запрашаем на падворак!”, незабыўная прэзентацыя стылізаваных народных касцюмаў з калекцыі аўтарскіх работ майстроў Іўеўшчыны, майстар-клас па народных танцах “Нарэчанька”, “Полька”, “Кракавяк”, экскурсія ў музейны пакой “Саламяная казка”, бяспройгрышная латарэя – гасцям свята не было калі сумаваць!

Усе жадаючыя маглі праявіць свае творчыя здольнасці ў майстар-класах па традыцыйных відах рамёстваў ад майстроў: Чурэйна Веры Паўлаўны, Рынгель Таццяны Віктараўны, Смірновай Ірыны Рэгінальдаўны (саломапляценне); Свістун Вольгі Віктараўны,  Станулевіч Наталлі Іванаўны (вышыўка).

Свята “Повязь часоў” – гэта выдатная магчымасць узнавіць для людзей паважанага ўзросту атмасферу мінулых гадоў і бліжэй пазнаёміць маладое пакаленне з народнай творчасцю. І нездарма ў гэты дзень усе жыхары аграгарадка – ад старога да малога – атрымалі зарад бадзёрага настрою і мноства незабыўных уражанняў.

Галерея не найдена!