Свята «Сваёй вёсцы нізка пакланюся» ў в. Банцавічы Лідскага раёна

27 мая ў в. Банцавічы, размешчанай на тэрыторыі Дзітвянскага сельскага Савета, прайшло доўгачаканае свята «Сваёй вёсцы нізка пакланюся», прымеркаванае да Года малой радзімы. Падобнага кшталту святы ладзяцца ў мястэчках Лідчыны кожныя выхадныя.

Банцавічы – вёска, якая адрозніваецца сваімі выдатнымі традыцыямі, сваёй гісторыяй, славутымі землякамі, працоўнымі дасягненнямі. Тут жывуць працавітыя людзі, якія робяць усё для таго, каб іх малая радзіма была сучаснай, прыгожай і ўтульнай. Кожны вясковец спрыяе дабрабыту Банцавіч. Асаблівая пашана – гаспадарам, якія акультурваюць, даглядаюць, трымаюць у парадку свае падворкі. На свяце былі ўшанаваны і адораны лепшыя з лепшых.

«Праз гады не патухне для нас агеньчык роднай вёскі і бацькоўскай хаты», – такімі словамі адкрыла свята вёскі старшыня Дзітвянскага сельскага Савета Мяшкевіч Іна Мікалаеўна. Жыхары з задавальненнем паслухалі старонкі з гісторыі вёскі, якія ў розныя гады былі і драматычнымі, і цікавымі.

Нездарма ў народзе гавораць: «Той род харошы, дзе старым – гонар і павага, і тое свята слаўнае, дзе ім галоўнае месца». Доўгажыхарцы Вераніцы Сільвестраўне Шылкоўскай з в. Банцавічы сёлета споўніцца 88 гадоў. Жанчыне ў гэты дзень былі адрасаваны прыемныя словы ўдзячнасці, а народны хор ветэранаў працы «Майскія зоры» Палаца культуры горада Ліды прысвяціў ёй музычны падарунак.

Завіталі на свята і шаноўныя ветэраны працы: Юшкевіч Леон Юзэфавіч, Юшкевіч Ядвіга Антонаўна, Вайтукевіч Крысціна Антонаўна. Ёсць у Банца-вічах такая сям’я, з якой  кожны можа браць прыклад, – гэта сям’я Юшкевіч. Муж і жонка болей 50-ці гадоў крочаць разам па жыцці, несучы праз усе цяжкасці любоў і згоду. Для паважанай сям’і таксама прагучала музычнае віншаванне. Творчы падарунак атрымаў і самы малодшы жыхар вёскі – Мікалай Бараненка.

Артысты Дзітвянскага Дома культуры падрыхтавалі музычныя сюрпрызы і цёплыя словы ўсім прысутным. «Хай жывуць усе шчасліва: дзеці, бацькі, старыя. Мы былі, ёсць і вечна будзем, дарагія нашы землякі», – рэзюмавалі вядучыя свята.

Цудоўна, калі ў роднай вёсцы кіпіць праца і песні спяваюцца! Свята «Сваёй вёсцы нізка пакланюся» прынесла ўсім добры настрой, радасць сустрэчы з сябрамі і роднымі. Артысты ад душы пажадалі гасцям дабрабыту, спакою і бясконцага шчасця.