Свята вясковай культуры “Бакштаўскі каларыт” адзначылі на Іўеўшчыне

19 жніўня ў цёплай, вясёлай, шчырай і адкрытай атмасферы ў в. Бакшты Іўеўскага раёна прайшоў фестываль вясковай культуры “Бакштаўскі каларыт”. Брэндавае мерапрыемства другі год запар знаходзіць водгук у сэрцах мясцовых жыхароў і гасцей.

Мерапрыемства пачалося са слоў прывітання ад старшыні Бакштаўскага сельвыканкама Аляксандра Уладзіміравіча Буляка. Паважаная жыхарка вёскі, былы вясковы бібліятэкар, якая зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку,  Ніна Андрэеўна Семяняга расказала прысутным пра вясковую культуру, традыцыйныя абрады і святы. Прыемным пачастункам для гледачоў стаў смачны каравай. Вядучыя Святлана Бычкоўская і Людміла Градовіч у вобразе вясковых суседак сыпалі трапнымі народнымі выразамі і жартамі.

Асаблівую цікавасць выклікаў раённы конкурс побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму”, у якім прынялі ўдзел таленты іўеўскага краю. На конкурс выстаўляліся танцавальныя пары як дарослай узроставай катэгорыі, так і дзіцячыя. Акрамя дэманстрацыі асабістага танцавальнага майстэрства канкурсанты правялі майстар-клас па побытавых танцах, натхніўшы шматлікіх прысутных. Пераможцамі сталі прадстаўнікі в. Бакшты,  г.п. Юрацішкі і аг. Суботнікі. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы і сувеніры.

Са сваёй творчасцю азнаёміў гасцей мясцовы паэт Мікалай Смірноў, захапіўшы аднавяскоўцаў прыгожымі вершамі. Прысутныя з задавальненнем наведалі выстаўку-дэгустацыю “Фаст-фуд па-вясковаму”, дзе з прыемнасцю частаваліся смачнымі і пажыўнымі вясковымі стравамі.

Задушэўнымі, меладычнымі, вясёлымі песнямі зачараваў народны ансамбль народнай песні “Юрацішкаўскі кірмаш”, які падарыў бакштаўцам выдатны канцэрт. Радасна і з захапленнем вяскоўцы сустрэлі музыкаў з Геранён, удзельнікаў ансамбля народнай музыкі “Вечарынка”. Пад задорную вясковую музыку танцавалі і дарослыя, і дзеці. Напрыканцы фестывалю была прапанавана танцавальна-забаўляльная праграма “Кошык весялосці”.

Фестываль “Бакштаўскі каларыт” развітаўся са сваімі гледачамі яшчэ на адзін год. Але, безумоўна, час ляціць хутка, і неўзабаве фестываль зноў збярэ мноства сваіх прыхільнікаў, каб захапіць выдатнымі танцамі, песнямі, кулінарнымі вырабамі і зноў стварыць сапраўднае свята вясковай культуры.