“Цёплыя вечары … ды халодныя ранкі”.  У аграгарадку Мажэйкава Лідскага раёна адбыўся фестываль песеннага фальклору імя Земавіта Фядэцкага  

Зборнік песень Земавіта Фядэцкага “Цёплыя вечары … ды халодныя ранкі” пабачыў свет у 1992 годзе, у склад якога ўвайшлі песні сялян вёскі Феліксава, запісаныя ім у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Фестываль-конкурс песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага з аднаіменнай назвай зборніка прайшоў у мінулую нядзелю ў аграгарадку Мажэйкава. У Год малой радзімы гэта вельмі актуальнае мерапрыемства. Жыхары і госці не толькі больш даведаліся пра славутага  земляка, але з задавальненнем выконвалі песні з гэтага зборніка, а  носьбіты выконвалі песні, якія спявалі ў маладосці і пачутыя яшчэ ад сваіх матуль і бабуль. Трэба сказаць, што ўдзельнікі фестывалю-конкурсу былі не толькі з Лідскага раёну, але прыехалі калектывы з Іўеўскага, Шчучынскага, Ваўкавыскага раёнаў. Госцем фестывалю стаў заслужаны аматарскі фальклорны калектыў Рэспублікі Беларусь “Гасцінец” Ракаўскага Дома культуры Валожынскага раёна.

Пераможцамі сталі: першае месца — народны фальклорны гурт “Вяргіня”  з Ракавіцкага Дома культуры  Шчучынскага раёна.  Другое месца ў фальклорнага гурта “Чараўніцы” з Мацвееўскага Дома культуры Ваўкавыскага раёна. Трэцяе месца падзялілі фальклорны гурт “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры і дуэт у складзе Дзмітрыя Сокала і Мікалая Сакалоўскага з філіяла “Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр” Лідскага раёна. Прыз глядацкіх сімпатый атрымалі носьбіты: Тэрэза Юзэфаўна Ясюкайціс з агагарадка Ваверка і Забалоцкая Ганна Андрэеўна з Ваўкавыскага раёна.

Наш фестываль стаў доказам любові кожнага ўдзельніка да народнай песні, да сваёй маленькай радзімы, да Бацькаўшчыны, доказам таго, што мы пачалі вучыцца памятаць сваіх продкаў і іх заслугі перад краінай і народам.

Вядучы метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай торчасці”  Г. М. Некраш