«Тут Радзімы маёй пачатак». Калі сям’я – цэлы свет, заснаваны на традыцыях!

Менталітэт народа заўсёды знаходзіць адлюстраванне ў культуры і традыцыях. Мы не выключэнне. Самабытнасць жыхароў лідскага краю, адданасць гісторыі і запаветам мінулага, блізкасць да прыроды з’яўляюцца важнымі складальнікамі паўсядзённага жыцця. Убачыць іх можна ва ўсім, пачынаючы з музыкі, кухні, адзення і заканчваючы прыкметамі, павер’ямі і святамі.

Захаванне традыцый продкаў з’яўляецца неабходнай умовай духоўнага развіцця. Такім чынам ствараецца нябачная, але вельмі моцная сувязь пакаленняў. І пра ўсё гэта мы збіраемся расказаць чытачам у сумесным праекце “Лідскай газеты” і аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, які называецца «Тут Радзімы маёй пачатак…»

На Лідчыне засталося не так шмат носьбітаў ведаў аб народных промыслах. Старажылы сыходзяць з жыцця, і толькі нешматлікія энтузіясты сёння па крупінках вывучаюць спадчыну продкаў. У іх ліку – метадыст Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ірына Дыдышка. Этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках і аграгарадках раёна для яе магчымасць не толькі вывучыць нашы традыцыі, але і зарадзіцца энергіяй для будучай уласнай працы. Справа ў тым, што Ірына сама валодае многімі тэхнікамі народных рамёстваў. З-пад яе рук выходзяць незвычайна прыгожыя рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Усе вырабы вельмі светлыя і цёплыя. Ператварэнне звычайнага матэрыялу ў вытанчаны прадмет дэкору адбываецца за лічаныя хвіліны. Як аказалася, такая любоў да рукадзелля не выпадковая. Ірына Дыдышка ўжо шмат гадоў займаецца вывучэннем традыцыйнага народнага касцюма, крою і пашыву адзення па старадаўніх тэхналогіях, асноў вышыўкі і ткацтва. Дарэчы, у сям’і імі займалася бабуля.

– Бабуля Генуэфа была родам з вёскі Цацкі Лідскага раёна, – расказвае гераіня артыкула. – Яна з дзяцінства навучылася ткаць, шыць адзенне. Жыццё было цяжкім, і разлічваць не было на каго. Будучы замужам, прывучыла дачок Станіславу і Адэлю (маю маму) весці хатнюю гаспадарку, дапамагаць ткаць і апрацоўваць вырабы. Дочкі ўмелі ткаць паясы, вышываць, вязаць пруткамі і кручком. Дарэчы, дзядуля ў мяне таксама быў майстрам на ўсе рукі. Ён выхадзец з вёскі Чаплічы. Менавіта там навучыўся шматлікім рамёствам: быў сталяром, цесляром, шаўцом, гарбаром. Выразаў інструменты для апрацоўкі льну і прадзення, прадметы мэблі і посуду, гузікі для адзення. Для патрэб сваёй сям’і рабіў абутак: «абіякі», «хадакі». Плёў з лазы кошыкі, з валакна каноплі круціў вяроўкі. А яшчэ прымаў заказы на выраб і фарбаванне авечай скуры.

Адэля Кодзік сама ткала ручнікі, якія сёння экспануюцца ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Аб тым, што продкі Ірыны Дыдышка з’яўляліся носьбітамі народных тэхнік рамяства, нагадваюць іх шматлікія работы. Калісьці запаслівыя бабуля і мама Ірыны складвалі даматканыя палотны ў скрыні на пасаг. Як правіла, ткалі іх з ільну, воўны. Палотны атрымліваліся з шараватым адценнем. Перад пашывам ад вялікага рулона адразаўся патрэбны кавалак, ён адбельваўся, і працавітыя майстрыхі досыць хутка шылі кашулі, спадніцы, фартухі. Дарэчы, у ліку палотнаў – ручнікі і абрусы, якія сёння з’яўляюцца яркім прыкладам адной з самых цікавых і маладаследаваных з’яў нематэрыяльнай культуры нашага рэгіёна XIX-пачатку XX стагоддзя – белаўзорчатага ткацтва Панямоння.

– Белаўзорчатае ткацтва аб’ядноўвае розныя тэхнікі, у выніку чаго ўтвараецца прыгожае белае палатно са складанай дробнаўзорчатай структурай паверхні і далікатнай фактурай, своеасаблівым перапляценнем нітак асновы, – апавядае Ірына. – Такое палатно выкарыстоўваецца пераважна для вырабу ручнікоў, абрусаў, сурвэтак. Ручнікі вылучаюцца адметнымі белымі палотнішчамі высокай якасці. Іх унікальнасць – у дасканаласці выканання, эфектнай гульні светлаценю на дробнаўзорчатай белай паверхні палатна. Цікавы і той факт, што пры вырабе ручнікоў і абрусаў менш увагі ўдзялялася каляроваму ўзору, які ішоў толькі па краі вырабу, узорны малюнак часта быў сціплы або яго магло не быць наогул. Менавіта гэта і адрознівае панямонскі ручнік ад ручнікоў іншых рэгіёнаў Беларусі.

Карціны з 3D-эфектам

Ірына таксама расказала, што ў іх сям’і захоўваюцца не толькі вырабы народных рамёстваў. Яе дзевяцігадовая дачка Каця спрабуе сябе ў кераміцы, жывапісу, малюнку, макетаванні, габелене. Дарэчы, пра малюнак. Брат Ірыны Генадзь Кодзік не так даўно стаў сур’ёзна займацца жывапісам. Першая яго персанальная выстаўка карцін адбылася ў 2020 годзе ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. З тых часоў ён даказвае сабе і іншым людзям, наколькі шматгранны і прыгожы свет навакольнай прыроды. У работах лідчаніна перапляліся і незвычайная фантазія, і ўменне, і жаданне пісаць пэндзлем і фарбамі. У кожнай рабоце адлюстравана прырода ў яе некранутай прыгажосці. Сам аўтар прызнаецца: ён дасягнуў чаканага эфекту. Многія прыхільнікі яго таленту не хаваюць эмоцый, любуючыся не толькі заморскімі краявідамі, але і прыгажосцю роднага краю.

Прырода – калыска чалавецтва, наш родны дом, месца, дзе мы адпачываем душой і чэрпаем энергію. Далікатная і вытанчаная прыгажосць світанкаў і яркага сонца заварожваюць позірк таго, хто здольны запаволіць крок у гэтым бурным патоку жыцця. Сярод работ – і лідскія краявіды. Але самае галоўнае – іх напісаў чалавек, які мэтанакіравана ўзяўся за пэндзаль толькі чатыры гады таму. Мужчына спрабуе знайсці сябе ў тэхніцы 3D, дзякуючы чаму ў яго атрымліваюцца маляўнічыя карціны з эфектам аб’ёму.

Брат Ірыны Генадзь Кодзік займаецца жывапісам. Яркімі фарбамі ён паказвае прыгажосць жывой прыроды.

– Маляваць пачаў у дзяцінстве, потым у арміі прасілі намаляваць тэматычныя плакаты, транспаранты да святаў, – апавядае Генадзь Кодзік. – Пасля арміі з’явіліся праца, надзённыя праблемы і справы. Праўда, унутраны стрыжань і жаданне тварыць нікуды не зніклі. Нейкім чынам я ўсё роўна сутыкаўся з жывапісам. Гэта былі або выстаўкі, або проста кірмашы, на якіх прадстаўлялі работы мастакі, і з кожным можна было пагутарыць. Бывала, стаю, гляджу на чарговы чыйсьці шэдэўр, а душа зноў просіць узяць у рукі пэндзаль, паспрабаваць свае сілы. І вось, як бачыце, адважыўся.

Большую частку свайго жыцця Генадзь правёў, калі можна так сказаць, як шавец без ботаў: не маляваў, а толькі марыў аб гэтым. На жаль, мара спраўдзілася толькі праз шмат гадоў. Але затое зараз кожную вольную хвіліну лідчанін прысвячае творчасці, дасягаючы высокага майстэрства. У работах ён адлюстроўвае свае перажыванні, настроі, погляды. Паглыблена даследуючы жывую прыроду, поры года, сельскія краявіды, любуючыся прыгажосцю роднай зямлі, ён стварае непаўторныя вобразы.

Дарэчы, у гэтыя дні ў лідчан ёсць унікальная магчымасць акунуцца ў дзіўны свет жывапісу Генадзя Кодзіка. У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры працуе выстава работ чатырох пакаленняў сям’і. У рамках яе экспануюцца ў тым ліку каля пяцідзесяці карцін мастака.

Талент – галоўная спадчына

У кожнага з нас ёсць маленькая радзіма, тое месца, адкуль бярэ пачатак наша жыццё. Мы любім родныя прасторы, і гэтая любоў непарыўна звязана з гісторыяй нашых продкаў. Я даўно заўважыла, што сямейныя традыцыі – гэта неабавязкова нешта грандыёзнае і маштабнае. Гэта, як у герояў нашага артыкула, і спадчына з бабулінага куфра (бо ў куфрах захоўвалі самае каштоўнае), і ўспаміны з дзяцінства, і традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

– Ведаць, адкуль пайшоў твой род, чым займаліся продкі, як жылі і вялі гаспадарку, вельмі важна. Калі кожны чалавек будзе захоўваць нейкую рэч, зробленую з любоўю рукамі бабулі або дзядулі, перадаваць сваім дзецям, апавядаць пра ранейшы быт і ручную працу – гэта і будзе найлепшая ўдзячная памяць аб тых, хто жыў і ствараў умовы для нас, будучых пакаленняў. Мы – адлюстраванне нашых бацькоў. Калісьці польскія ўлады прапанавалі бацькам маёй мамы выехаць за мяжу, але яны адмовіліся, хаця маглі выкарыстаць магчымасць пошуку дабрабыту ў іншай краіне.  “Не ў грошах шчасце, а ў роднай зямельцы. Не прападзём!” – сказаў дзядуля. Для мяне такі ўчынак і ёсць яскравы прыклад таго, як трэба любіць сваю Радзіму, – гаворыць Ірына Дыдышка.

«Лідская газета»