У аг. Ганчары Лідскага раёна прайшоў раённы конкурс ручной касьбы “Звініць каса — жыве вёска”

Ужо тройчы Ганчары збіраюць людзей, якія ўмеюць трымаць у руках касу – тую самую, сапраўдную, з дзедавай вёскі, кіно і старых кніг аб сельскім жыцці. У чарговы раз спрытных і ўдалых касцоў паклікала свята “Звініць каса — жыве вёска”.

Дабірацца да поля, прадастаўленага мясцовым сельскім Саветам для правядзення конкурсу, было лёгка і проста – яно зусім побач з дарогай, а для існай выгоды шлях быў пазначаны самаробнымі паказальнікамі. Людзей – удзельнікаў, балельшчыкаў і гасцей сустракалі гасцінна – песнямі, пляскамі і накрытым з дапамогай Лідскага хлебазавода сталом. Як высветлілася, аматараў, фанатаў і прыхільнікаў ручной касы не так ужо і мала. Паспаборнічаць прыехалі 16 чалавек з розных куткоў лідскага краю. І цуд! Сярод іх выйшлі з косамі дзве дзяўчыны!

Кожнаму ўдзельніку быў выдзелены свой участак, які дастаўся па жэрабу, усе ўсталі ля сваіх нумароў, і – час пайшоў. Ішоў ён хутка пад звон кос і песень мясцовых артыстаў. А працавалі ўдзельнікі лёгка і нязмушана, быццам і не працавалі зусім, а танцавалі.

Дарэчы, вельмі нядрэнна каса касіла ў прадстаўніцы слабога полу Вольгі Новік з Ганчароў. Вольга прымала ўдзел у конкурсе касцоў ўпершыню. Хвалявалася. Спаборнічаць у мужчынскай справе з мужчынамі – гэта не жартачкі! Святлана Радомская з Мінойтаў таксама можа абысціся без трымера і дапамогі мужчын. Нават касу накляпаць умее!

Як быццам гуляючы, скончыў сваю паласу яшчэ адзін прадстаўнік Ганчароў – Іван Матусевіч, моцны, жылісты і самы старэйшы ўдзельнік. Яму ўжо за 80, а фізічнай форме можа і малады пазайздросціць. Іван Матусевіч упэўнены, што толькі ручная каса і спрыт рук чалавека не наносіць шкоду прыродзе, не псуе каранёвую сістэму травы, і ўкос вырастае густы, сакавіты, як і трэба для жывёлы.

Наогул, конкурс касцоў становіцца не толькі раённым, але і сямейным. У ім ужо з’явілася свая дынастыя: бацька і сын Петрашкі – Валянцін і Валянцін (Ваверка). Яны – каманда! Калі старэйшы скончыў свой участак, адпачываць не стаў, а адправіўся дапамагчы сыну справіцца з працай.

Журы прыйшлося нялёгка, бо ацэньваць трэба было і па хуткасці, і па якасці, і па нейкай “барадзе”. Трэцяе месца падзялілі Іван Матусевіч (Ганчары) і Іван Кароль (Ваверка), другое дасталася Генадзю Станіслававічу (Пескаўцы), а першае бясспрэчна выйграў Станіслаў Ждонец (Гуды). Але, як гаворыцца, месцы месцамі, але прайграўшых тут не было, кожны ўдзельнік атрымаў зарад бадзёрасці і мора пазітыву. Усім уручылі заахвочвальныя прызы, аб якіх паклапаціўся ААТ “Шклозавод “Нёман”, а пераможцам дасталася яшчэ і слава.

Больш фота на сайце грамадска-палітычнага выдання «Лідская газета» (перайсці)