У аг. Кракоўка Ашмянскага раёна прайшлі велікодныя вячоркі “для тых, каму за…”

Вялікдзень – самае светлае хрысціянскае свята, напоўненае ўсеагульнай радасцю. Некалі свята доўжылася ўсю Светлую сядміцу, падчас якой велікодны стол заставаўся накрытым. Ды і сёння прынята некалькі дзён пасля Вялікадня хадзіць у госці адзін да аднаго, дарыць падарункі, адпраўляць віншавальныя паштоўкі. У гэтыя светлыя дні ніводная душа не павiнна адчуваць сябе адзінокай і забытай.

Супрацоўнікі аддзела культуры і вольнага часу аг. Кракоўка Ашмянскага раёна вырашылі працягнуць народныя традыцыі святкавання Вялікадня і 15 красавіка запрасілі ў госці суседзяў з аг. Кальчуны на вячоркі “З радасцю у сэрцы”. Мерапрыемства было агранізавана “для тых, каму за…”

У гэты дзень гучалі ўзаемныя добрыя віншаванні, ліліся жарты, выконваліся велікодныя песні. Усе прысутныя з задавальненнем прымалі ўдзел у народных гульнях, спрабавалі сябе ў танцах, дзівіліся на арыгінальныя экспанаты, прадстаўленыя на выстаўцы “Светлае свята Вялікадня”. Тры з паловай гадзіны праляцелі непрыкметна. Вячоркі сталі лепшым доказам таму, што старэйшае пакаленне ўмее жыць цікава!