У аг. Навасёлкі Ашмянскага раёна прайшоў раённы агляд-конкурс аматарскіх калектываў «Напеў зямлі маёй»

Раённы агляд-конкурс калектываў вакальна-харавога жанру сельскіх клубных устаноў «Напеў зямлі маёй» прайшоў 11 лістапада ў аграгарадку Навасёлкі Ашмянскага раёна. Сапраўднае свята атрымалася для жыхароў Ашмяншчыны, якія змаглі не толькі адпачыць ад працоўных будняў, але і атрымаць небывалы зарад станоўчых эмоцый.

Калектывы прадставілі на суд журы і ўдзячных гледачоў сваю творчасць. Фальклорныя, мужчынскія, жаночыя, змешаныя і дзіцячыя вакальныя гурты выступілі на сцэне мясцовага аддзела культуры і вольнага часу, парадаваўшы прысутных вясёлымі лірычнымі і патрыятычнымі кампазіцыямі. Адметнай асаблівасцю агляду-конкурсу стала наяўнасць жывой музыкі, што надало святу душэўнасці і цеплыні.

Удзельнікі, якія разлічвалі на перамогу, кіруючыся ўсімі ўмовамі конкурсу, выконвалі па два рознахарактарныя творы. Вось ужо сапраўды няпроста давялося журы – вызначаць лепшых з лепшых! Прыйшлося ўважліва ацэньваць не толькі ўзровень выканальніцкага майстэрства, але і сцэнічную культуру, артыстызм спевакоў, рэжысёрскае і мастацкае афармленне нумароў, якасць апрацоўкі – словам, усё, з чаго складаецца агульнае ўражанне ад выступлення калектыву.

Пераможцамі ў намінацыі «Дзіцячая вакальная група» сталі юныя артысты з «Дамісолькі» (аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Граўжышкі). Другое месца заняла вакальная група «Аляначка» (аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Навасёлкі). Дзіцячая вакальная група «Рамонак» (аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны) удастоілася ганаровага трэцяга месца.

Лепшымі сярод жаночых вакальных груп сталі: «Сугучча» (аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка), «Чаромха» (сельскі клуб вёскі Будзёнаўка), «Рэчанька» (аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Кальчуны). У нешматлікай намінацыі «Мужчынская вакальная група» другое месца занялі артысты з Будзёнаўкі.

У намінацыі «Фальклорны вакальны гурт» не было роўных калектыву з Кальчуноў «Скарбніца», які заслужана заняў першае месца. Незабыўныя хвіліны радасці падарыла слухачам змешаная вакальная група «Сустрэча» з Будзёнаўкі, артысты з Мураванай Ашмянкі і змешаная вакальная група «Вечарына» з Кальчуноў, якія сталі дыпламантамі ў сваёй намінацыі. Спецыяльнымі дыпломамі «За прапаганду харавога жанру ў раёне» адзначаны выступленні дзіцячых вакальных гуртоў «Заранічкі» з Гальшан, «Жытнічка» з Кракоўкі, а таксама жаночая вакальная група «Рябинушка» з аграгарадка Станцыя Ашмяны.

Па матэрыялах газеты «Ашмянскі веснік»